Сербія патрабуе склікаць надзвычайную сесію Рады Бяспекі ААН праз рашэнне парламента Косава аб пераўтварэнні сілаў бяспекі ў рэгулярнае войска.
Як адзначыў у сваім звароце да грамадзянаў прэзідэнт Аляксандр Вучыч, Сербія здольная абараніць сербаў у Косава. Паводле ягоных словаў, «відавочна», што рашэнне косаўскага парламента было прынята са згоды ЗША, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны. Учора Вучыч таксама наведаў падраздзяленні Узброеных сілаў Сербіі на поўдні краіны.
Прадстаўнік міратворчых сіл у Косава Вінчэнца Граса заявіў, што ягоныя сілы гарантуюць бяспеку ў рэгіёне і гатовыя абараніць усіх грамадзянаў. Паводле яго, NATO вынесе адпаведныя высновы ў сувязі з рашэннем парламента Косава.
Парламент Косава 14 снежня ўхваліў закон аб стварэнні паўнавартаснай арміі, насуперак пратэстам Сербіі. Галасаванне па пераўтварэнні сілаў надзвычайнага рэагавання на прафесійнае войска было амаль аднадушным, яго байкатавалі толькі тыя заканадаўцы, што прадстаўляюць сербскую меншасць (каля 120 тыс. з 1 млн. 920 тыс. насельніцтва Косава).
Бялград і этнічныя сербы ў Косаве рашуча выступілі супраць стварэння арміі Косава, называючы гэта парушэннем рэзалюцыі ААН. Яны асцерагаюцца, што дадзены крок будзе выкарыстоўвацца супраць сербскай меншасці краіны. Улада Косава зняпраўджваюць такія намеры.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг назваў рашэнне парламента Косава нясвоечасовым.
ІІ, belsat.eu, паводле radiosvoboda.org