Старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што Менск у пытанні карупцыі з’яўляецца адным з самых праблемных рэгіёнаў.
Пра некаторыя выпадкі карупцыі кіраўнік КДБ распавёў на нарадзе 20 снежня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Кадры з прамоваю Вакульчыка былі паказаныя на тэлеканале «Беларусь 1».
«Вынікі кажуць самі за сябе. У Менску карупцыйныя праявы выяўлены па ўсіх сферах, узроўнях і напрамках: ад кіраўніцтва Менгарвыканкама і прамысловых гігантаў да раённых паліклінік і школьных сталовых. Маючы немаленькія заробкі, некаторыя службовыя асобы апускаюцца да адкрытага рвацтва. Тыя ж кіраўнікі сталічнага ГУСР (галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку – заўв. belsat.eu) рэгулярна наведваліся ў ЦУМ за таварамі, не плацячы за іх, і арганізоўвалі банкеты ў менскіх рэстаранах за кошт падпарадкаваных прадпрыемстваў.
Адзін з дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі, які дарэчы ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, знахабіўся да такой ступені, што кожны тыдзень па чацвяргах бясплатна атрымлівае прадуктовы набор з аднаго з сеткавых крамаў. Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Сорамна казаць, але звычайныя рыба, курыца, алей, пельмені і нават марожанае – гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым заказы паступаюць не толькі ад яго і ягонай жонкі, але і ад іх сваякоў», – заявіў Вакульчык.
Падчас сённяшняй нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць меры і падрыхтаваць прапановы па ўзмацненні адказнасці за карупцыйныя правапарушэнні.
ІІ, belsat.eu