Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас мае намер сустрэцца з прэмʼер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым на наступным тыдні, паведамляе interfax са спасылкай на прэсавую службу Саўміна Беларусі.
«На наступным тыдні плануецца сустрэча прэмʼер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з прэмʼер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Такая дамоўленасць ёсць з расейскім бокам. Асноўнай тэмай сустрэчы стане пытанне двухбаковай супрацы», – адзначыў прадстаўнік прэс-службы.
Пры гэтым канкрэтная дата сустрэчы пакуль не вызначана, дадаў ён.
Цяпер найбольш вострым пытаннем у стасунках Беларусі і Расеі зʼяўляецца аднаўленне ў поўным абʼёме транзіту расейскай нафты па беларускім участку нафтаправода «Дружба» у Еўропу. Транзіт быў прыпынены ў сувязі з забруджваннем сыравіны хлорарганічнымі злучэннямі, што напрыканцы красавіка выклікала спыненне паставак у краіны ЕЗ.
Бакі таксама павінны ўзгадніць сумы панесенай беларускай эканомікай шкоды і механізм адпаведнай кампенсацыі.
16 траўня ў Маскве адбылася сустрэча віцэ-прэмʼераў дзвюх краінаў Ігара Ляшэнка і Дзмітрыя Козака. Па выніках сустрэчы Козак паведаміў пра прынцыповую гатовасць расейскага боку кампенсаваць страты. У сувязі з гэтым створана сумесная працоўная група, якая вызначыць сумы і парадак разлікаў.
Акрамя таго актуальнымі для Менску пытаннямі застаюцца ўзгадненне коштаў на газ для Беларусі з 2020 году і зняцце абмежаванняў на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання. Таксама ў Менску заяўляюць пра працяг перамоваў у справе кампенсацыі Беларусі за падатковы манеўр Расеі ды таксама чакаюць падпісанне крэдытнага пагаднення аб выдзяленні раней узгодненага дзяржкрэдыту на 600 мільёнаў долараў для рэфінансавання часткі дзяржпазыкаў перад РФ.
У канцы 2018 году Дзмітрый Мядзведзеў на ўрадавым узроўні ўзняў дыскусія пра актуалізацыю дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
СК belsat.eu