Рубель, нафта і каронавірус. Што адбываецца і што рабіць далей – тлумачыць Арцём Тарчынскі


Курс долара ЗША і еўра, 9 сакавіка 2020 года, Масква.
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

Глабальнае пацяпленне прывяло не толькі да анамальна цёплай зімы, але і да таго, што «чорны лебедзь» (так называецца нечаканая падзея, верагоднасць наступлення якой моцна недаацэньваецца), які звычайна наведвае нашу зямлю ў жніўні, прыляцеў (дакладней, прыляцела цэлая зграя) сёлета датэрмінова – у сакавіку. Што адбылося, як на гэта адрэагавалі людзі з вялікімі грашыма і што рабіць расейцам у сітуацыі, якая склалася, тлумачыць фінансіст Арцём Тарчынскі.

Што здарылася

Гэта ў Англіі ўсе абмяркоўваюць надвор’е, а ў нас галоўная тэма размоваў і галоўны індыкатар працэсаў, якія адбываюцца – курс долара да рубля і/або цана на нафту, што ў нашай петракратыі вельмі залежныя велічыні.

Зграя «чорных лебедзяў» паводле афіцыйнай версіі расейскіх экспертаў-арнітолагаў складалася з трох птушачак:

  1. Каронавірус
  2. Выхад Расеі са здзелкі з АПЕК (арганізацыя краінаў-вытворцаў і экспарцёраў нафты) па абмежаванні здабычы
  3. Змены ў канстытуцыі Расеі, якія замацоўваюць пажыццёвае прэзідэнцтва Пуціна

Эпідэмія каронавіруса з Кітаю прывяла да істотнага запавольвання сусветнай эканомікі і падзення попыту на нафту. Ацаніць уклад каронавірусу ў дэвальвацыю расейскага рубля можна прыблізна гледзячы на графік ніжэй. Долар падаражэў з канца снежня да 6 сакавіка 2020 году прыблізна з 62 да 68 рублёў, гэта 10% падзенне. Нафта за той жа перыяд звалілася з 60 да 50 долараў за бочку. Гэта быў той працэс, які быў зразумелы большасці аналітыкаў і эканамістаў, і ўсе наступствы былі прадказальныя.

Але 6 сакавіка 2020 года Уладзімір Пуцін літаральна на ляту (як пішуць крыніцы, у аэрапорце Унукава) правёў нараду з расейскімі нафтавікамі і пагадзіўся з пазіцыяй Ігара Іванавіча Сечына не толькі аб далейшым скарачэнні здабычы нафты, але і аб адмове ад бягучых абмежаванняў. Выхад з картэльнага пагаднення Расеі і АПЕК (якое абмяжоўвае здабычу нафты з мэтай падтрымання цэнаў) выклікаў шокавую рэакцыю як сярод аналітыкаў, так і ўдзельнікаў рынку. Нафта ўпала да 35 долараў, а рубель на таргах на міжнародных пляцоўках у панядзелак за адзін дзень паляцеў з 68 да 75 рублёў.

Саўладальнік Лукойлу (другая найбуйнейшая расейская кампанія пасля Раснафты Сечына) Леанід Фядун так пракаментаваў гэтую падзею выданню The Bell:

«Гэта вельмі нечакана, нерацыянальнае, мякка кажучы, рашэнне. (…) Пакуль я ў лёгкім шоку».

Большасць аналітыкаў маглі выкарыстоўваць трапнае выказванне з твітэру «реплаі Ройзмана без кантэксту»:

Цэнтральны банк Расеі (яму не першы раз даводзіцца адказваць за ўчынкі Раснафты, досыць успомніць выпуск аблігацый на 600 млрд рублёў, які выклікаў паніку на валютным рынку) і Мінфін (трэба аддаць ім належнае) у панядзелак і аўторак раніцай выпусцілі вельмі граматныя прэс-рэлізы з пералікам сваіх дзеянняў, якія закліканыя не дапусціць панікі.

Курс долару, дзякуючы суладным дзеянням Мінфіна і ЦБ, стабілізаваўся ў калідоры 71-72 рубля за долар. У гэтай сітуацыі выйгралі біржавыя прафесіяналы, якія скарысталіся панікай і спакойна прадалі долары па 75-76 рублёў, і прайгралі людзі, якія паддаліся паніцы і пабеглі ў абменнікі мяняць усе свае зберажэнні.

Старая расейская звычка – у любой незразумелай сітуацыі купляй валюту – на піку панікі прыводзіць да вялікіх стратаў.

Дзіўна, але аб’ява аб пажыццёвым прэзідэнцтве Уладзіміра Пуціна наагул не выклікала ваганняў на валютным рынку. Гэта азначае, што ўсе ўдзельнікі, ды і жыхары Расеі цудоўна разумелі, што Пуцін нікуды сыходзіць не збіраецца ні ў 2024, ні ў 2036. Проста афіцыйна абвясцілі аб тым, што і так усё разумелі.

Што рабіць

Галоўнае правіла падчас панікі і рэзкіх ваганняў – не панікаваць. Калі вы паддаліся паніцы і купілі долар па 75 і гэта не апошнія вашыя грошы, якія патрэбныя сёння ці заўтра, не трэба іх цяпер прадаваць. Адкладзіце, і хай гэта будзе ваш НЗ.

Калі ў вас ёсць сур’ёзныя зберажэнні – трымайце невялікую іх частку ў рублях (на 1-2-3 месяца вашых выдаткаў у рублях, астатняе – у валюце). Калі вы ўсё трымалі ў рублях, то на фоне запаволення сусветнай эканомікі і далейшага падзення попыту на нафту рубель будзе таннець. Вы ніколі не зможаце злавіць «удалы момант», таму расцягніце куплю валюты, канвертуйце ў валюту па 5-10% вашых зберажэнняў раз на тыдзень. Да жніўня вы дакладна паспееце.

Арцём Тарчынскі, фінансіст – для Belsat.eu/ІР

Стужка навінаў