Праз разрыў еўхарыстычных зносінаў РПЦ з Канстанцінопальскім патрыярхатам за малітву ў «забароненых» цэрквах вернікі будуць вымушаныя пакаяцца ў гэтым «граху» падчас споведзі, а святара могуць пазбавіць сану і нават адлучыць ад царквы.
Вернікі РПЦ пасля рашэння Святога Сінода не павінны маліцца ў цэрквах Канстанцінопальскай патрыярхіі, нагадаў сакратар Аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату протаіерэй Ігар Якімчук, паведамляе interfax.ru. Ён пералічыў спіс месцаў, дзе знаходзяцца «забароненыя» для вернікаў РПЦ цэрквы.
Якімчук растлумачыў, што ў Турцыі гаворка ідзе пра ўсе стамбульскія цэрквы і пра адну царкву ў Анталіі, дзе адпачывае шмат турыстаў з Расеі. Акрамя таго, пад забарону падпадае шэраг цэркваў у Грэцыі – на Крыце і на астравах Дадэканэс. Забарона будзе распаўсюджвацца і на цэрквы Афона.
«Вядома, ёсць яшчэ Афон, які таксама ў юрысдыкцыі Канстанцінопаля, але адпачываць туды не ездзяць», – дадаў ён.
Калі вернікі не будуць прытрымлівацца рашэння Сінода, ім трэба будзе пакаяцца пра гэта на споведзі, папярэдзіў Якімчук.
«За адмову прытрымлівацца гэтых забаронаў для духавенства прадугледжаныя пакаранні, а для вернікаў – пакаянне на споведзі ў непаслушэнстве царкве», – сказаў прадстаўнік РПЦ.
У арт. 6 Палажэння аб царкоўным судзе РПЦ гаворыцца, што «кананічнае пакаранне павінна заахвочваць чальца РПЦ, які здзейсніў царкоўнае правапарушэнне, да пакаяння і выпраўлення». Само пакаранне не можа быць накладзенае «без дастатковых доказаў віны дадзенай асобы» і ў адпаведнасці з 28-м правілам Карфагенскага сабору (які прайшоў у 419 годзе). Сярод пакаранняў для святароў прадугледжваецца вызваленне ад пасады, часовае або пажыццёвая забарона служэнне ў царкве, пазбаўленне сану і адлучэнне ад царквы, піша rbc.ru.
ЮВ, belsat.eu