Расея верне забруджаную хлорарганікай нафту ў аб’ёме каля 1 мільёна тон назад на сваю тэрыторыю, што дасць магчымасць ачысціць паўночнае адгалінаванне нафтаправода «Дружба» у напрамку Польшчы і Нямеччыны, паведамляе reuters.
Напярэдадні віцэ-прэмʼер РФ Дзмітрый Козак сустрэўся ў Маскве са сваім беларускім калегам Ігарам Ляшэнка. Бакі дамовіліся пра комплекс мерапрыемстваў, якія дазволяць ачысціць нафтаправоды да мяжы Беларусі і Польшчы без удзелу польскага боку, але не прывялі дэталяў.
«Расейцы пагадзіліся забраць забруджаную нафту з беларускага ўчастка, якая яшчэ не паступіла ў Польшчу, але няма рашэння аб кампенсацыях», – сказала крыніца reuters, якая была на сустрэчы ў Варшаве.
У Варшаве «Транснефть» у чацвер правяла сустрэчу з расейскімі вытворцамі і еўрапейскімі кампаніямі, дзе прэзентавала план вывазу забруджанай нафты з участка «Дружбы» да беларуска-польскай мяжы.
Крыніцы reuters адзначаюць, што пакуль невядома, куды менавіта будзе накіравана забруджаная нафту – у парты РФ або сховішчы.
Расея ўжо на гэты момант вывезла каля 2 мільёнаў з 5 мільёнаў тон забруджанай нафты, выкарыстоўваючы чыгунку, рэзервуары і танкеры.
А вось НПЗ на тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны трэба будзе самастойна вырашыць пытанне з утылізацыяй некандыцыйнай нафты, абʼём якой ацэньваецца прыкладна ў 1 мільён тон.
Раней «Транснефть» паведаміла, што плануе пачаць прапампоўку чыстай расейскай нафты ў Польшчу 9-10 чэрвеня.
Да гэтага часу спробы аднавіць экспарт сыравіны па паўночнай галіне «Дружбы» беспаспяховыя з прычыны тэхнічных складанасцяў з перапрацоўкай забруджанай нафты, разыходжанняў ацэнках кошту, нанесенай шкоды і пытанняў пра механізмы кампенсацыі.
СК belsat.eu