«Рассельгаснагляд» узмоцніць кантроль за прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў з Берасцейскай вобласці. Такі адказ на свой зварот атрымаў адзін з лідараў пратэсту супраць акумулятарнага заводу пад Берасцем Дзмітрый Бекалюк.
У сваім лісце актывіст пісаў, што каля заводу пасуцца каровы, вырошчваюцца і збіраюцца сельскагаспадарчыя культуры, якія «падвяргаюцца з пачатку працы заводу пастаяннаму кругласутачнаму забруджванню цяжкім таксічным металам [свінцом]», паведамляе TUT.by.
Паводле яго, малако ад гэтых кароваў паступае на малочныя прадпрыемствы вобласці.
У лісце з Рассельгаснагляду паведамляецца, што ведамства накіравала ў свае тэрытарыяльныя ўпраўленні «указанні з мэтай узмацнення лабараторнага кантролю над жывёлагадоўчай прадукцыяй, якая паступае ў адрас расейскіх атрымальнікаў з беларускіх прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў Берасцейскай вобласці».
Нагадаем, што 14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага заводу «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў».
17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.
МГ belsat.eu