Суд у Краснадары падоўжыў 19-гадоваму ўкраінцу Паўлу Грыбу тэрмін утрымання ў СІЗА яшчэ на 2 месяцы – да 4 ліпеня.
Пра гэта Hromadske.ua паведаміў бацька Паўла Ігар Грыб.
Пасяджэнне суда адбылося ў закрытым рэжыме 28 красавіка.
Паводле Ігара Грыба, на працягу больш за 8 месяцаў, якія Павел знаходзіцца ў СІЗА, яму не далі ніводнага спаткання з маці. «Мы за гэты час атрымалі ад яго толькі адзін ліст, і ён атрымаў нейкі ліст ад грамадзяніна Украіны», – дадаў ён.
Ігар Грыб адзначыў, што за час знаходжання ў СІЗА ў яго сына значна пагоршыўся зрок.
Нагадаем, напрыканцы жніўня 2017 года бацька Паўла Грыба паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны.
Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.
Па версіі расейскіх спецслужбаў, 19-гадовы Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы. Украіна лічыць пераслед Грыба палітычным, а абвінавачванні сфабрыкаванымі.
Еўразвяз прызнаў, што ФСБ незаконна выкраў Паўла Грыба.
ІІ, belsat.eu