Пуцін падтрымаў ідэю абнуліць прэзідэнцкія тэрміны са згоды Канстытуцыйнага суда


Уладзімір Пуцін.
Фота: Dmitry Astakhov / Pool / SPUTNIK / Reuters / Forum

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пагадзіўся з прапановай дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расеі аб тым, каб абнуліць прэзідэнцкія тэрміны, калі гэта ўхваліць Канстытуцыйны суд і прагаласуюць грамадзяне краіны, паведамляе прэсавая служба Дзярждумы РФ.

Падчас пленарнага паседжання Дзяржаўнай Думы Расеі ў справе ўнясення паправак у Канстытуцыю, дэпутат Валянціна Церашкова прапанавала абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна, або наагул зняць абмежаванне на пераабранне на вышэйшую кіроўную пасаду.

Уладзімір Пуцін падчас свайго выступу сказаў, што ён супраць зняцця абмежаванняў на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. Але пагадзіўся, што прэзідэнцкія тэрміны можна «абнуліць»

«У прынцыпе, такі варыянт магчымы, але пры адной умове, а менавіта: калі Канстытуцыйны суд РФ дасць афіцыйную выснову, што такая папраўка не будзе супярэчыць прынцыпам і палажэнням Асноўнага закона», – адзначыў Уладзімір Пуцін.

Дэпутаты парламенту Расеі ўхвалілі папраўку аб зняцці абмежаванняў па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў. За прагаласавалі 380 чалавек, супраць – 43, устрымаўся – 1.

Такім чынам, калі Канстытуцыйны суд дасць станоўчае рашэнне папраўкам Канстытуцыі Расеі, Уладзімір Пуцін зможа балатавацца на новых выбарах прэзідэнта.

Уладзімір Пуцін быў абраны ў 2018 годзе, у суме гэта яго 4 прэзідэнцкі тэрмін, які сканчаецца ў 2024 годзе.

СК belsat.eu

Стужка навінаў