Менскі абласны суд вынес прысуд ваеннаслужачаму, які паехаў ва Украіну ваяваць на баку адной з самаабвешчаных рэспублік. Пра гэта паведамляе TUT.by са спасылкаю на абласную пракуратуру.
25-гадовы жыхар Салігорску быў прызваны на тэрміновую службу. У кастрычніку 2018 года, падчас адпачынку, ён вырашыў не вяртацца ў вайсковую частку і адправіцца ва Украіну, каб уступіць у вайсковае фармаванне сепаратыстаў.
Грошай на паездку не было, таму ў салоне сувязі мужчына набыў у растэрміноўку мабільны тэлефон і адразу прадаў яго. На наступны дзень ён з’ехаў ва Украіну, але быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ.
У Беларусі яго асудзілі за дэзерцірства, замах на ўдзел ва ўзброеным фармаванні ў замежнай дзяржаве і махлярства на 5 гадоў пазбаўлення волі, а таксама пазбавілі звання «яфрэйтар».
Прысуд не ўступіў у законную моц і можа быць абскарджаны.
МГ belsat.eu