Вынікі галасавання і першыя каментары экспертаў пра фіналістаў першага туру прэзідэнцкіх выбараў глядзіце 31 сакавіка ў эфіры «Белсата» а 19:30.
21:30
21:00
Паводле ЦВК Украіны, яўка па стане на 20:00 склала 66,8% выбарцаў.
20:40
Пётр Парашэнка на сваёй прэс-канферэнцыі падзякаваў украінцам за ўдзел у галасаванні і заявіў, што Украіна «бліскуча здала экзамен на сваю еўрапейскасць» і няма ніякай інфармацыі, якая паставіла б пад сумнеў вынікі гэтых выбараў».
Аднак, дадаў дзейны прэзідэнт, «зрабіўшы памылку ў другім туры выбараў, можна разбурыць усё, што мы зрабілі за апошнія пяць гадоў».
«Мы будзем цвёрда весці перамовы з Расеяй, і Расею будзе прадстаўляць не Максім Галкін і Яўген Петрасян, а Пуцін, – заявіў Парашэнка. – Лёс звёў мяне ў другім туры з марыянеткай Каламойскага. Не дамо Каламойскаму ніводнага шанцу!».
20:01
Паводле дадзеных нацыянальнага экзітполу, за Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,4% выбарцаў. Гэта амаль столькі ж, колькі за Пятра Парашэнку і Юлію Цімашэнку разам – 17,8% і 14,2%.
19:45
Паліцыя Украіны паведамляе, што па стане на 19:00 адкрыла 25 крымінальных справаў па факце парушэння выбарчага заканадаўства.
Толькі за сёння паліцыя атрымала 1768 заяваў і паведамленняў, звязаных з выбарчым працэсам, з іх амаль 250 – у Кіеве.
Акрамя гэтага, паліцыянты склалі 15 адміністрацыйных пратаколаў. Пяць з іх – за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы.
19:20
Каля будынку ЦВК Украіны сабралася некалькі дзясяткаў чалавек у чорнай вопратцы.
19:03
У 20:00 ЦВК Украіны абвесціць вынікі нацыянальнага экзітполу. Нашыя карэспандэнты вырашылі правесці свой экзітпол на адным з выбарчых участкаў Кіева – і вось што атрымалася:
18:20
ЦВК Украіны абнавіла дадзеныя па галасаванні: па стане на 15:00 галасы аддалі 45,11% выбарцаў.
18:15
На выбарчым участку ў Дняпроўскім раёне Кіева разгарэўся скандал праз асадкі з чарніламі, якія «знікаюць». Выбарцы скардзяцца, што знікаюць подпісы на бюлетэнях.
17:30
Амбасада Украіны ў ЗША апублікавала фота першых двух прагаласаваўшых у Вашынгтоне – Віктара і Паліны, якім нядаўна споўнілася 18 гадоў.
17:00
Старшыня праўлення кіеўскага Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка паведаміў у «Фэйсбуку» пра ўцечку інфармацыі аб выніках дзённых экзітполаў. Згодна з імі, з вялікім адрывам лідаруе «малады вясёлы кандыдат». Другое месца – ці тое ў «упартай дзяўчыны, якая абяцае перамены», ці тое ў «салодкага караля».
16:00
Паводле ЦВК Украіны, на 15:00 яўка выбарцаў склала 45,01%. Жадаючыя аддаць свой голас украінцы могуць прагаласаваць з 8:00 да 20:00.
14:30
Паводле дадзеных на 14:30, каля Цэнтрвыбаркаму ў Кіеве збіраюцца маладыя людзі спартовага целаскладу «для аховы парадку», перадае Украінская Праўда са спасылкай на Укрінфарм.
14:00
Па стане на 14:00 паліцэйскія зарэгістравалі 522 заявы і паведамленні пра парушэнні, звязаныя з выбарчым працэсам.
Галоўныя парушэнні – незаконная агітацыя, фатаграфаванне бюлетэняў, пашкоджанні бюлетэняў, подкуп выбарцаў, спроба вынесці бюлетэнь за межы ўчастку ды іншае, паведаміў прадстаўнік Нацпаліцыі Яраслаў Тракала.
Праваахоўнікі дадуць прававую ацэнку дзеянням кандыдата ў прэзідэнты Алега Ляшко, які падчас галасавання прадэманстраваў журналістам уласны запоўнены бюлетэнь, заявілі ў МУС. Паводле закону (арт. 7 закона Украіны пра выбары – парушэнне таямніцы галасавання) яму можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.
У Чарнігаве а 10:50 невядомы заявіў, што падарве штабы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты ў выпадку «не спынення подкупу выбарцаў», паведамілі ў МУС Украіны. Нацпаліцыя і МНС праводзяць праверкі па ўказаных адрасах.
Свой голас на выбарах ужо аддалі галоўныя кандыдаты – Пётр Парашэнка, Юлія Цімашэнка і Уладзімір Зяленскі. Гэта надзвычай важны дзень у гісторыі Украіны, заявіў цяперашні кіраўнік Украіны, апусціўшы ў скрыню бюлетэнь.
Кіраўніца партыі «Батькивщина» і кандыдат Юлія Цімашэнка прагаласавала на выбарах прэзідэнта. Яна аддала свой голас на выбарчым участку ў Кіеве, у ліцэі «Падол» №100.
Камедыйны акцёр і кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі таксама прагаласаваў на выбарах прэзідэнта. У размове з журналістамі ён сказаў, што прагаласаваў за «вельмі годнага, годнага чалавека».
У амбасаду Украіны ў Варшаве з самой раніцы стаіць чарга тых, хто жадае прагаласаваць (глядзіце відэа ніжэй).
Амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца паведаміў, што да 12:00 у выбарчым участку ў Варшаве прагаласавалі 1145 чалавек з амаль 17 тысяч, якія маюць права аддаць тут голас.
Самую вялікую яўку ў гісторыі ўкраінскіх выбараў чакаюць таксама супрацоўнікі амбасады Украіны ў Менску, дзе па стане на 12:00 прагаласавала 241 асоба. Усяго на консульскім уліку ў пасольстве Украіны ў Менску стаяць 7 тысяч чалавек.
Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік у сваім Twitter заўважыў, што шмат, хто жадае аддаць свой голас у выбарах-2019 і ў Берліне.
Увечары журналісты інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату» абмяркуюць вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў з экспертамі ў спецвыпуску праграмы «Вот так».
Падчас жывых уключэнняў з Кіева, Харкава і Адэсы нашыя карэспандэнты прадставяць папярэднія вынікі кампаніі і распавядуць, як галасавалі выбарцы ў розных частках Украіны.
Разам з палітолагамі і сацыёлагамі, якія прыйдуць у нашую студыю, мы абмяркуем фіналістаў першага туру, зробім прагнозы на другі ды прааналізуем выклікі, якія з’явяцца перад наступным кіраўніком украінскай дзяржавы – ад карупцыі да Данбасу.
Глядзіце спецыяльны выбарчы «Вот так» 31 сакавіка з 19:30 да 21:00 паводле Кіева, Масквы і Менску ў жывым эфіры «Белсату».
ДД belsat.eu; фота анонсу – Kacper Pempel/Reuters/Forum