Прэзідэнт Польшчы запрасіў Лукашэнку ў Варшаву


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Аляксандра Лукашэнку на мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Вялікая міжнародная сустрэча адбудзецца 1 верасня ў Варшаве.

Акрамя кіраўніка Беларусі, польскі прэзідэнт даслаў запрашэнні лідарам ЕЗ, НАТО і краінаў Усходняга партнёрства (Арменіі, Азербайджану, Малдовы, Украіны, Грузіі).

Інфармацыя пра гэта размешаная на афіцыйным сайце Анджэя Дуды.

Як удакладніў памочнік Дуды Кшыштаф Шчэрскі, плануецца правядзенне асобных польска-нямецкіх урачыстасцяў, прысвечаны ўшанаванню памяці грамадзянскіх ахвяраў вайны, а таксама буйныя міжнародныя цырымоніі, якія, хутчэй за ўсё, пройдуць у Варшаве.

Вядома, што ў канцылярыі прэзідэнта Польшчы адбыліся першыя працоўныя сустрэчы з амбасадарамі запрошаных краін. Цяпер чакаецца пацверджанне прыезду і складу іх дэлегацыяў.

Пакуль афіцыйны Менск не пракаментаваў запрашэння Анджэя Дуды. Аднак падчас свайго візіту ў Польшчу ў лютым старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч не выключыў, што кіраўнік Беларусі можа наведаць Польшчу.

Аб’ектыў
Беларусь і Польшча абмяркоўваюць пытанні ваеннай супрацы
2019.03.05 21:02

Доўгі час Лукашэнка быў персонай нон грата. Толькі ў 2016 годзе ён наведаў Італію і Ватыкан. У 2017-ым яго ўпершыню за шмат гадоў запрасілі да ўдзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Бруселі. Тады ён адмовіўся, і на сустрэчу паехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Таксама не паехаў кіраўнік Беларусі і ў Парыж летась. Прыняць удзел у святкаванні 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны яго запрашаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Лукашэнка таксама адмовіўся ехаць у Мюнхен на канферэнцыю па бяспецы. Ён адмовіўся ад паездкі ў апошні момант.

Справка

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 г. з нападу Нямеччыны на Польшчу, тэрыторыя якой была падзеленая на падставе пакту Молатава-Рыбентропа на савецкую і нямецкую часткі. Вайна паміж СССР і Нямеччынай пачалася 22 чэрвеня 1941 года.

Варта адзначыць, што кіраўнік Польшчы не запрасіў у Варшаву прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. МЗС РФ назваў адсутнасць запрашэння «ігнараваннем гістарычнай логікі». У афіцыйным каментары Польскаму прэс-агенцтву кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі патлумачыў, што мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны адбудуцца «у коле дзяржаў, з якімі Польшча сёння працуе на карысць міру, заснаванага на выкананні міжнароднага права і павагі суверэнітэту іншых дзяржаў».

СК/ДР, belsat.eu

Стужка навінаў