Прэзідэнт Літвы: Наш інтарэс – мець дзеяздольнага партнёра


У Вільні адбылася прэс-канферэнцыя нядаўна абранага прэзідэнта Літвы.

Гітанас Наўседа.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

«Сустрэча мае стаць традыцыяй», – сказаў абраны прэзідэнт Літвы, пачынаючы сваю першую прэс-канферэнцыю ў будынку прэзідэнтуры. Пры гэтым Гітанас Наўседа паабяцаў, што сустрэчы з прэсай будуць праходзіць кожны тыдзень.

Сёння, 4 чэрвеня, у Вільні адбылася першая прэс-канферэнцыя Гітанаса Наўседы ў будынку прэзідэнтуры. У час размовы з журналістамі новаабраны прэзідэнт закрануў ўнутрыпалітычныя праблемы: працу ўрада, супрацоўніцтва з новай кааліцыяй. А вось на знешнепалітычныя пытанні Наўседа нічога канкрэтнага не адказаў. Паводле яго слоў, цяпер у Літве галоўнае – урэгуляваць унутрыпалітычныя праблемы, сфармаваць новы ўрад.

Часовае месца працы Гітанаса Наўседы ў памяшканні канцылярыі прэзідэнтуры.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

– Якія будуць першыя крокі ў дачыненні да Беларусі? – спытаў «Белсат» у палітыка.

– Беларусь з’яўляецца вельмі важным для нас суседам, важным партнёрам, на якога мы звяртаем вялікую ўвагу. І наш інтарэс, у першую чаргу, гэта мець незалежнага, самастойнага і дзеяздольнага партнёра каля нашай усходняй мяжы. І таму Літва падтрымае дыялог з Беларуссю. А сёння адказаць на пытанне, ці будзе гэты дыялог на вышэйшым узроўні ці на ўзроўні міністраў, напэўна, яшчэ зарана. Мы прызнаем факт, што з’яўляемся суседзямі, маем розны погляд на розныя пытанні. Тут няма вялікай трагедыі, мы можам пра гэта дыскутаваць па канкрэтных аспектах або рэчах. На на іншыя пытанні я змагу адказаць пазней. Дазвольце мне хаця б пачаць працаваць на сваёй пасадзе з 12 ліпеня, – адказаў Наўседа.

Гітанас Наўседа паабяцаў, што сустрэчы з прэсай будуць праходзіць кожны тыдзень.
Фота: Ганна Русінава / belsat.eu

Трэба адзначыць, рыторыка абранага прэзідэнта Наўседы ў дачыненні да Беларусі выглядае крыху мякчэй, чым у дзеючага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ, якая звязвала ўзаемаадносіны паміж краінамі наўпрост з праблемай Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Ганна Русінава/АА, фота аўтара/belsat.eu

Стужка навінаў