У Берасці ў нядзелю, 24 траўня, прайшла чарговая акцыя пратэсту супраць акумулятарнага заводу. Пра гэта ў каментары belsat.eu паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле суразмоўцы, нягледзячы на дождж, каля 80 чалавек сабраліся на Плошчы Леніна.
«Людзі абмяркоўвалі затрыманні, судовыя працэсы, а таксама інфармацыю Мінпрыроды, якую яно надало ў рамках выканання Оргускай канвенцыі», – заявіў Раман Кісляк.
Пасля людзі пайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатру «Беларусь», дзе паралельна праходзіў выбарчы пікет па зборы подпісаў старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча.
«Подпісы збіраліся за перанос выбараў – гэта нашая супольная кампанія «За Беларусь без дыктатуры!». Мы патрабуем пераносу выбараў, таму гэта не былі подпісы за вылучэнне кандыдата. І гэта таксама публічна казалася падчас пікету», – паведаміў «Белсату» Юрый Губарэвіч.
Палітык таксама прывёз зборшчыкам подпісаў пластыкавыя шчыткі з надпісам «Жыць» – адным з лозунгаў пратэсту супраць заводу АКБ, каб абараніць актывістаў падчас пандэміі. Шчыткі без надпісу плануецца перадаць медыкам.
МГ belsat.eu