Прэсавы сакратар БПЦ Сяргей Лепін падаў прашэнне аб звальненні з пасады па ўласным жаданні. Кіраваць інфармацыйным аддзелам Беларускай праваслаўнай царквы будзе Юрый Сакалоў, піша афіцыйны сайт Беларускай Праваслаўнай Царквы.
27 лістапада мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін прызначыў выконваючым абавязкі старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы Юрыя Сакалова.
Патрыяршы Экзарх задаволіў прашэнне протаіерэя Сергія Лепіна аб звальненні па ўласным жаданні і выказаў яму падзяку за шматгадовую працу на пасадзе кіраўніка інфармацыйнага аддзелу БПЦ.
Сяргей Лепін пазбавіўся пасады пасля таго, як публічна абурыўся дзеянням беларускіх сілавікоў, якія зруйнавалі народны мемарыял памяці Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў у сталіцы.
18 лістапада словы Лепіна працытаваў на нарадзе па актуальных пытаннях вонкавай палітыкі Аляксандр Лукашэнка і даручыў кіраўніку сваёй адміністрацыі і генеральнаму пракурору разабрацца.