Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляе, што стан амбасадара Сербіі Велькі Кавачэвіча стабільны, самаадчуванне значна палепшылася.
Пра тое, што сербскаму дыпламату 22 чэрвеня стала кепска і ён трапіў у шпіталь паведамілі ўчора СМІ.
«Прычынай шпіталізацыі ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі ў Менску стала страта прытомнасці, што было абумоўлена душным і гарачым надвор’ем. Прытомнасць была страчана 22 чэрвеня 2019 года падчас наведвання В. Кавачэвічам і іншымі працаўнікамі амбасады каманды Сербіі ў Вёсцы спартсменаў», – падкрэслілі ў міністэрстве.
У Міністэрства аховы здароўя кажуць: калі амбасадар страціў прытомнасць, ён атрымаў траўму – пералом рэбраў. Праз гэта ўзнік пнеўматарэкс – прысутнасць паветра ў плеўральнай паражніны, куды яно трапляе з прычыны пашкоджання лёгкага або сценкі грудной клеткі. Менавіта таму Кавачэвіч застаецца ў шпіталі.
«Неабходнае абследаванне для дыферэнцыяльнай дыягностыкі магчымых прычынаў непрытомнасці і ўся медычная дапамога былі аказаны на высокім прафесійным узроўні», – кажуць у Мінздраве.
Велька Кавачэвіч пачаў дыпламатычную кар’еру яшчэ ў сацыялістычнай Югаславіі, у канцы 70-х. Працуе на пасадзе амбасадара ў Менску з 2014 года.
ІІ belsat.eu