Працоўныя шэрагу беларускіх прадпрыемстваў бастуюць


Адразу некалькіх прадпрыемстваў па ўсёй краіне выйшлі на страйк.

Шэраг Telegram-каналаў паведамляюць, што на Менскім электратэхнічным заводзе ім. Казлова працаўнікі выйшлі на страйк. Працаўнікі распавялі «Белсату», што людзі абураныя апошнімі падзеямі ў краіне. Кіраўніцтва пакуль недасяжнае для каментароў.

Страйк на Менскім электратэхнічным заводзе ім. Казлова.
Фота: «Мая краіна Беларусь»

Працаўнікі Менскага электратэхнічнага заводу ім. Казлова распачалі страйк, паведамляе Telegram-канал «Мая краіна Беларусь». Дырэктар заводу з раніцы недасяжны, сакратар паведаміла, што ў яго нарада. Намеснік дырэктара не адбірае слухаўку.

На заводзе працаўнікі распавялі «Белсату», што пакуль не чулі пра забастоўку. Але звязваюць гэта галоўным чынам з адсутнасцю камунікавання і блакаваннем інтэрнэту.

«Я чула, што нехта з начальства пабег да дырэктара, але як на самой справе выглядае сітуацыя, я не ведаю. Пакуль так. Але людзі наагул абураныя вельмі, я вось з раніцы крычу, страшна, што было ўчора. Мы ж усе галасавалі за Ціханоўскую, а вось паказваюць па тэлебачанні ажно 80 %. Я не разумею міліцыю таксама, адкуль столькі гвалту», – распавяла «Белсату» працаўніца заводу.

На Telegram-канале NEXTA з’явілася відэа перамоваў дэманстрантаў і адміністрацыі заводу.

Наш карэспандэнт перадае, што ён паразмаўляў на выхадзе з заводу з адным з супрацоўнікаў, які з выгляду нагадвае інжынера або супрацоўніка адміністрацыі. Той пацвердзіў, што людзі збіраліся, каб патрабаваць ад адміністрацыі тлумачэнняў «наконт выбараў», але пра страйк гаворкі не ідзе.

З’явіліся звесткі аб забастоўцы на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Мы спрабуем атрымаць пацверджане.

У інтэрнэце з’явіліся чуткі аб страйку ў Берасцейскім абласным шпіталі. Карыстальнікі пісалі, што лекары сабраліся не выходзіць там на працу. Аднак паводле актывісткі Таццяны Фесенка з Берасця лекары працуюць.

Паводле актывіста Алеся Таўстыкі, каля галоўнай прахадной Менскага трактарнага заводу, сабралася каля 70 працаўнікоў, патрабуюць ад кіраўніцтва, каб растлумачылі сітуацыю, якая адбываецца ў краіне. Кіруюць імі прадстаўнікі прафсаюзу. Людзі і надалей падцягваюцца. Намеснік дырэктара папярэдзіў, што пакуль абед працоўным нічога не будзе, як толькі яны выйдуць за прахадную, то іх чакаюць непрыемнасці.

Жабінкаўскі цукровы завод

Працаўнікі жабінкаўскага цукровага заводу далучыліся да страйку. Жабінкаўскі цукровы завод прыпыніў сваю працу, людзі распачалі страйк.

Такую інфармацыю распаўсюджвае Telegram-канал NEXTA. Адміністрацыя заводу не пацвярджае гэта, але і не абвергла, а працаўнікі прадпрыемства распавялі «Белсату», што сапраўды далучыліся да страйку.

Працаўнікі жабінкаўскага цукровага заводу сабраліся ў ДК і патрабуюць сустрэчы са старшынём мясцовага райвыканкаму для агучвання сваіх патрабаванняў. Завод прыпыніў працу. Але ў адміністрацыі прадпрыемства сцвярджаюць, што праца не спыненая. Пры гэтым інфармацыю пра патрабаванні працаўнікоў і адмову працаваць кіраўнікі прадпрыемства не абвяргаюць.

Напярэдадні ў Жабінцы каля тысячы жыхароў гораду выйшлі на пратэст. У горад тэрмінова перакінулі АМАП. Есць пацярпелыя.

Звесткі пра страйк на Менскім маргарынавым заводзе не пацвердзіліся. Наш карэспандэнт звярнуўся да некалькіх супрацоўнікаў, якія зняпраўдзілі гэтую інфармацыю.

Да усеагульнага страйку ў краіне заклікаюць шэраг актывістаў. Патрабаваннем страйку з’ўляецца свабодныя выбары, сапраўдны пералік галасоў і вызваленне палітычных вязняў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў