Belsat.eu сабраў топ-5 выказванняў кіраўніка МУС, якія трапілі ў медыі цягам апошніх двух з паловай гадоў.
«Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па мордзе – павінен атрымаць», – даў настаўленне новапрызначанаму міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву Аляксандр Лукашэнка напярэдадні.
«Грамадства мае права патрабаваць і чакаць ад людзей у форме адказных паводзінаў. Мы не супергероі, а людзі з падвышанай планкай сацыяльнай адказнасці… Выбар быў усвядомлены… Усе ўчынкі людзі ў форме здзяйсняюць з веданнем таго, што яны ўплываюць не толькі на ягоны лёс, але і на імідж структуры, і на гонар мундзіра. Патрабаванні да нас строгія, але так і павінна быць», – прызнаваўся Юрый Караеў на старонках часопісу «Спецназ».
Часопіс «Спецназ», 22.05.2019
Новы міністр даволі ахвотна камунікуе з журналістамі і простымі людзьмі. Да прыкладу, у студзені 2018 года падчас наўпроставай тэлефоннай лініі выданне «Наша Ніва» задало пытанне на той час кіраўніку ўнутраных войскаў МУС Юрыю Караеву адносна таго, як у структуры наладжаная сістэма патрыятычнага выхавання.
«Даводзім да ладу ўсе веды па гісторыі і геаграфіі Беларусі: вобласці, гарады, сталіцы ВКЛ – у якія часы дзе што было. Калі школа дапусціла прабелы ў вывучэнні гісторыі, то мы іх выпраўляем. Бо без ведання гісторыі сваёй краіны ідэалогіі і патрыятызму быць не можа, уласна… Заўжды тлумачым, што мы – гэта абарона грамадзянаў, а не карны меч рэвалюцыі, як гэта раней пра органы ВЧК-НКВД казалі».
nn.by, 20.01.2018
«Мы павінны ставіць пытанне не пра тое, што служба дае прызыўніку, а што яна дае дзяржаве. Чалавек карыстаецца яе дабротамі, абаронай і бяспекай, і цяпер наступіла яго чарга «пастаяць у гэтым дазоры». І ўспрымаць службу па-спажывецку не зусім сумленна і правільна ў адносінах дзяржавы і грамадства. Я павінен, я абавязаны – вось што малады чалавек мусіць разумець», – казаў Юрый Караеў ў інтэрв’ю «Спутнику».
Sputnik.by, 13.11.2017
Амаль у кожным інтэрв’ю Юрый Караеў закранае набалелую тэму дзедаўшчыны. Паводле міністра, асноўнае зло, з якім сутыкаецца афіцэр у войску, – гэта алкаголь, грошы і ночы ў забаўляльных установах.
«Такая з’ява, як не статутныя ўзаемаадносіны, зʼяўляецца для мяне самым першым ворагам у мірны час. Калі двое ідуць выконваць задачу і старэйшы па званні скамандуе, пад якім вуглом трымаць аўтамат, – гэта не дзедаўшчына. Але прысваенне мянушак, паборы, дамаганні – гэтага быць не павінна. Як толькі такое пачынаецца, мы ўжываем два рэцэпты: праўда і жорсткасць пакарання. Я за 5 гадоў адвучыў сваіх камандзіраў хаваць ад мяне такія факты. Мера ўздзеяння за тое, што схаваў нестатутныя адносіны, была нават больш, чым за самую правіну. Але самазаспакойвацца на гэтым я нікому не дазволю».
sb.by, 17.03.2018
«Феномен славянскага жаўнера, я кажу заўсёды так: амерыканцу трэба даць шмат сацыяльных гарантыяў, заробкаў, пяць відаў марозіва, інакш ён не будзе ваяваць у «Буры ў пустэльні». А нашаму – толькі галаўны ўбор крапавага колеру. І сказаць, што ты – спецназ. І ён на гэтым энтузіязме, на пачуцці гонару і патрэбе абараняць парадак і закон праявіць усё, што ён можа, і нават тое, чаго нават не падазраваў у сябе», – казаў Караеў у рэпартажы тэлеканалу «Беларусь-5».
ВБ belsat.eu