Улады Польшчы скасавалі консульскі збор для дзяцей з Беларусі ды Расеі. Пра гэта паведамляецца на сайце польскай амбасады ў Менску.
«Для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі ў веку ад 6 да 12 гадоў, якія падаюць візавыя анкеты ў консульскіх аддзелах Рэспублікі Польшча ці візавых цэнтрах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, згодна з рашэннем польскіх уладаў консульскі збор адменены», – гаворыцца ў паведамленні на сайце польскай дыпмісіі.
Між тым у консульскім аддзеле амбасады Польшчы выданню «Комсомольская правда» заявілі, што часова адмянілі консульскі збор для дзяцей – грамадзянаў Беларусі да 18 гадоў.
«Гэта правіла будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не ратыфікаваная дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю», – заявілі ва ўстанове.
З 2 лютага 2020 года шэнгенская візы жыхарам краінаў, якія не падпісалі з Еўразвязам пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму, давядзецца заплаціць не € 60, а € 80.
Таму цяпер беларусам за атрыманне шэнгенскай візы трэба плаціць € 80, дзецям у веку 6-12 гадоў – € 40.
8 студзеня Беларусь і Еўрапейскі Звяз падпісалі дамову пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію, але ўступіць у моц яна не раней за чэрвень 2020 года.
МГ belsat.eu