Прыморскі раённы суд Адэсы пастанавіў арыштаваць расейскі танкер «Nika Spirit» разам з дакументамі, што былі канфіскаваныя падчас ператрусу. Танкер прыбыў у порт Ізмаіл Адэскай вобласці, яго затрымалі і пазней арыштавалі. Суд палічыў захады вайсковых пракурораў і следчых СБУ падчас правядзенні ператрусу правамернымі, паведамляе DW.com.
«Па выніках разгляду адпаведнага хадайніцтва судом накладзены арышт на судна разам з канфіскаванымі дакументамі. Мы гэта зрабілі. Кропка», – напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціос.
Інфармацыю пра тое, што следчыя дзеянні, праведзеныя на судне супрацоўнікамі праваахоўных органаў Украіны без дазволу консула РФ, былі незаконнымі, Маціос назваў недакладнай.
З украінскага боку ўсё было зроблена законна, падкрэсліў галоўны вайсковы пракурор, спаслаючыся пры гэтым на міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя і Расеяй, і Украінай. Паводле яго словаў, згодна з гэтымі дамовамі, для правядзення ва Украіне следчых дзеянняў на марскім або рачным транспарце не патрабуецца згоды або дазволу дыппрадстаўнікоў замежнай дзяржавы.
Інцыдэнт з расейскім танкерам адбыўся 24 ліпеня, калі ў порт Ізмаіл пад сцягам РФ зайшоў танкер «Nika Spirit». Следства выявіла, што пасля інцыдэнту ў Керчанскай затоцы ў лістападзе летась уласнікі танкера перайменавалі яго з «Neyma» ў «Nika Spirit». Менавіта гэты танкер блакаваў пратоку дзеля праходжання ўкраінскіх вайсковых караблёў. У выніку тры караблі Расея тады арыштавала, пры гэтым назвала захады Кіева перадвыбарнай правакацыяй.
Пасля затрымання ўкраінцамі расейскага танкеру з боку экіпажу судна не было парушэнняў марскога права і законаў Украіны. Таму ўсіх маракоў – прадстаўнікоў экіпажу адпусцілі і яны вярнуліся ў Краснадар.
СК belsat.eu