Павел Латушка і Вольга Кавалькова выказаліся наконт патаемнай інаўгурацыі Лукашэнкі


Сябры прэзідыуму Каардынацыйнай Рады заклікалі ўсіх беларусаў сказаць сваё рашучае «не» беззаконню і хлусні:

«Сёння раніцай Аляксандр Лукашэнка прызначыў сябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Зрабіў гэта ў становішчы найстрогай таямніцы і сакрэтнасці. Пад аховай АМАПу. У вузкім коле ўсіх сваіх выбаршчыкаў. Ён прынёс прысягу на Канстытуцыі. Якую напісаў сам.

І на якую сам жа ў чарговы раз напляваў. У чарговы раз прадэманстраваў сваю неадэкватнасць.

Беларусы не галасавалі за яго на выбарах. Так, і выбарамі гэты фарс назваць складана.

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паказаў, што яму не істотна меркаванне народа.

Але ёсць і пазітыўная навіна. З сённяшняга дня Аляксандр Лукашэнка – просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ён сам пазбавіў сябе ўсіх рэшткаў легітымнасці.

У грамадстве ёсць магутны запыт на дыялог. Але з намі размаўляюць дубінкамі АМАПу і з кабіны верталёта з аўтаматам у руках.

Мы падтрымліваем бестэрміновую мірную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання, ігнараванне любых даручэнняў незаконнай улады, мірныя акцыі на вуліцах гарадоў. Мы вартыя лепшага будучага. Мы разам пабудуем Беларусь, якой будзем ганарыцца.

Мы падтрымліваем усіх грамадзянаў Беларусі, якія не згодныя з інаўгурацыяй Лукашэнка, якія будуць выходзіць на мірныя акцыі пратэсту, абвяшчаць страйкі. Мы падтрымліваем дзяржаўных служачых, якія не прызнаюць вынікі выбараў. Мы падтрымліваем рашэнне беларусаў выкарыстоўваць усе законныя спосабы пратэсту па ўсёй краіне.

Мы патрабуем ад усіх следчых, якія атрымалі заявы аб учыненых злачынствах у дачыненні да простых грамадзянаў, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да падазроных і неадкладна пачаць расследаванне. У выпадку процідзеяння кіраўнікоў Следчага камітэту і Пракуратуры пішыце рапарты аб адстаўцы.

Мы падтрымліваем усіх спартсменаў, якія заяўляюць аб адмове ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах.

Мы падтрымліваем усіх дзеячаў культуры, якія вырашылі не прымаць удзел у публічных мерапрыемствах.

Мы заклікаем усіх сумленных журналістаў дзяржаўных СМІ заяўляць у прамых эфірах і іншымі спосабамі аб нязгодзе з незаконнай інаўгурацыяй.

Мы заклікаем усіх беларусаў сказаць сваё рашучае НЕ беззаконню і хлусні.

Мы гатовыя неадкладна прыступіць да перамоваў з Прэм’ер-міністрам Беларусі і старшынямі камісій Палаты прадстаўнікоў аб прызначэнні даты новых выбараў і часовым кіраванні краінай на пераходны перыяд.

Мы заклікаем Еўрапейскі саюз, Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Кітай, Расею прыняць адназначную пазіцыю аб прызнанні нелегітымнасць Лукашэнкі і разгледзець пытанне аб адклiканнi на кансультацыі сваіх паслоў.

Мы прапануем стварыць міжнародную групу медыятараў з высокіх прадстаўнікоў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Расеі, ЗША і Францыі пры падтрымцы АБСЕ.

Мы просім прыняць на бліжэйшым пасяджэнні савету ЕС рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да Лукашэнкі, а таксама асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, гвалту і фінансаванню рэжыму

Зараз наступіў момант, калі кожны павінен адказаць на самае галоўнае пытанне.

Каго любіш?

Люблю Беларусь.

То ўзаемна!»

Стужка навінаў