Патолагаанатам з Нью-Ёрку пра тое, як горад рыхтуецца да другой хвалі эпідэміі


9 красавіка 2020 года. Супрацоўніца пахавальнага бюро забірае памерлага ад каронавіруснай інфекцыі з морга адной з нью-ёркскіх больніц.
Фота: Andrew Kelly/Reuters/Forum

Нью-Ёрк пераходзіць да першай стадыі адкрыцця пасля трохмесячнага каранціну. Паводле падлікаў «New York Times», у панядзелак на працу ў горадзе могуць вярнуцца каля 400 000 чалавек. І хоць ЗША да гэтага часу застаюцца самай пацярпелай ад каронавіруснай інфекцыі краінай (больш за 1,9 млн чалавек захварэлі, каля 110 тысяч памерлі), а крывая росту не ідзе ўніз, у Нью-Ёрку колькасць новых хворых знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні. За мінулыя содні ў горадзе, які стаў гэтай вясной эпіцэнтрам сусветнай пандэміі, зарэгістравалі 84 новыя выпадкі COVID-19, шпіталізавалі ўсяго 66 пацыентаў. Лекарка-патолагаанатам аднаго з гарадскіх шпіталяў Нью-Ёрку, ураджэнка Беларусі Анастасія Пігаль распавяла «Белсату», што адбываецца тут пасля спаду захворвання і як эпідэмія дапаможа шпіталям у будучыні працаваць лепш.

Цяпер хваля хворых у Нью-Ёрку спала і засталася на стабільна невысокім узроўні. У штаце выяўляюць каля тысячы новых выпадкаў і рэгіструюць каля 100 новых смерцяў у дзень. Гэта значыць, вірус цыркулюе ў грамадстве, але праз прынятыя каранцінныя захады перадаецца мала. Медыкі ў думках дзякуюць жыхарам гораду за тое, што тыя трымаюцца рэкамендацыяў.

Пакуль зачыненыя большасць офісаў і прамысловыя крамы, залы рэстаранаў і ўсе забаўляльныя ўстановы. Школы і ўніверсітэты працягваюць дыстанцыйнае навучанне. Шмат якія летнікі ўжо разаслалі лісты аб адмене працы ў гэтым сезоне. У прадуктовыя крамы не пускаюць без маскі або шаліка на твары.

Горад паступова вызваляе інфекцыйныя ложкі ў больніцах, нарошчвае аб’ёмы бясплатнага тэставання людзей і рыхтуецца да наступнай прыступкі кантролю эпідэміі – выяўлення інфікаваных і адсочвання кантактаў. Гарадскія службы і шпіталі наймаюць цэлую армію працаўнікоў, якія будуць апытваць хворых з мэтай выяўлення кантактаў і арганізоўваць іх ізаляцыю і забеспячэнне ежай.

Часовы прыёмны пакой, які выкарыстоўваецца для тэставання людзей на каронавірус. 3 чэрвеня 2020 года. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: Анастасія Пігаль

Гэта можа гучаць парадаксальна для Беларусі – чым жа дагэтуль займаўся Нью-Ёрк? Чаму не было гэтай працы ў апошнія месяцы? Падчас піку эпідэміі – а інфекцыю перанеслі ад 10 да 20% жыхароў гораду – адсачыць такую колькасць кантактаў было нерэальна, і каранцін стаў адзіным спосабам абмежаваць распаўсюд віруса.

Пры гэтым часта чуваць крытыку ўладаў за занадта павольную рэакцыю: навучальныя ўстановы зачыніліся пры каля 1400 выяўленых выпадках у штаце і першых смерцях, а поўны каранцін увялі на тыдзень пазней пры 15 тысячах інфікаваных. Увядзенне каранціну на тыдзень раней захавала б тысячы жыццяў.

Па меры таго, як вызваляюцца і мыюцца інфекцыйныя аддзяленні, у больніцы паступова вяртаюцца планавыя пацыенты. Нарошчваюць аб’ём працы хірургія і анкалогія: у першую чаргу лекары прымаюць пацыентаў, якія не могуць доўга чакаць. Асцярожна адкрываюцца наведванні, чакаецца рост планавых і прафілактычных працэдур.

Цяпер медыкі аналізуюць тое, што адбылося падчас эпідэміі, каб падрыхтавацца да наступнага разу – гэта значыць, другой хвалі, якую ўсе чакаюць, спадзеючыся, вядома, што яна будзе не такой сурʼёзнай.

Адначасова ў амерыканскіх больніцах адбываецца шырокая рэарганізацыя працы. Праз тое, што нармальныя працэсы ў шматлікіх аддзяленнях моцна парушыліся, можна ўжо не вяртацца да старых, а выбудаваць новыя, больш эфектыўныя метады.

Мая лабараторыя ўжо працуе ў звычайным рэжыме, але радзільнае аддзяленне, напрыклад, працягвае працу ў каранцінным, выяўляючы і ізалюючы ўсіх інфікаваных жанчын і дзяцей.

У звычайны час патолагаанатамы занятыя, напрыклад, дыягностыкай пухлін. Тут відаць клеткі ў мікраскопе. 6 мая 2020 года.
Фота: Анастасія Пігаль

Каранцін у Нью-Ёрку прынёс вынікі праз некалькі тыдняў пасля ўвядзення: крывая захворвання згладзіліся і пайшла ўніз. У нашым шпіталі гэта было бачна па зніжэнні новых пацыентаў з пнеўманіяй. Да таго моманту, калі гэта адбылося, – а ў шпіталі выкарыстоўвалі больш за трыста ковідных ложкаў, – колькасць памерлых у бальнічным моргу перавысіла сотню і яшчэ некалькі дзён трымалася на гэтым узроўні. У некаторыя дні прыбывала па некалькі памерлых у гадзіну.

Паколькі пахавальныя бюро не маглі бясконца павялічваць сваю хуткасць працы і ў іх хутка з’явіліся чэргі, часовымі захавальнікамі памерлых сталі шпіталі.

Рэфрыжэратары на колах, якія выкарыстоўваюцца як часовыя моргі. 12 мая 2020 года. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: Vanessa Carvalho / Zuma Press / Forum

Наладзіць якаснае часовае захоўванне такой колькасці целаў – вялікая арганізацыйная задача. Ні ў воднай больніцы такіх фізічных магчымасцяў няма. Таму ў Нью-Ёрку для дапамогі шпіталям стварылі аператыўны штаб па працы з масавай смяротнасцю на базе гарадской службы судовых медыкаў. Менавіта ён своечасова зарэзерваваў і пачаў рассылаць па шпіталях фуры-халадзільнікі, фатаграфіі якіх разышліся па свеце як змрочнае сведчанне сур’ёзнасці эпідэміі.

Радаваліся гэтым рэфрыжэратарам толькі ў моргах, дзе імкліва сканчаліся месцы для новых трупаў. У сувязі з гэтым мноству нашых работнікаў давялося займацца зусім новай працай. Інжынерны аддзел будаваў прыступкі і рампы для падыходу да фуры, патолагаанатам кіраваў пагрузкай, а каардынатар канферэнцый запісвала імёны і размяшчэнне целаў.

Пустыя рампы для фур-халадзільнікаў. 3 чэрвеня 2020 года. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: Анастасія Пігаль

У нейкі момант з’явіліся дадатковыя часовыя работнікі, наладзіўся выразны працэс рэгістрацыі і выдачы, і стала лягчэй. Яшчэ праз некаторы час горад з дапамогай ваенных арганізаваў часовыя моргі для працяглага захоўвання і пачаў разгружаць шпіталі.

Па меры павелічэння колькасці выпадкаў у моргу востра стала пытанне, як наладзіць хуткае і беспамылковае знаходжанне памерлых. Тут паняцце «ідэнтыфікацыя пацыента», то бок правільны пацыент пад правільным імем, так жа важна, як і пры лячэнні. Паводле закону забраць цела можа толькі ліцэнзаваны прадстаўнік пахавальнага бюро. Усе тыя, хто выдае і атрымоўвае, адказныя за дакладнасць працэсу – адпаведнасць поўнага імя і бальнічнага нумара з дакументацыяй. Можна ўявіць, як ускладнілася гэтая задача пры павелічэнні колькасці памерлых у пятнаццаць разоў.

Схема арганізацыі мабільнага морга ў адным з шпіталяў Нью-Ёрка. 30 красавіка 2020 года.
Фота: Анастасія Пігаль

Падчас эпідэміі аказалася, што хаваць без працяглай затрымкі можна толькі ў выпадку, калі родныя не будуць прыходзіць, каб паглядзець на памерлага ў пахавальным бюро. Бывала, нас прасілі зрабіць фотаздымак памерлага. Мы не адмаўлялі, калі даведваліся, што сям’я апошні раз бачыла чалавека жывым дома. Людзям вельмі цяжка прыняць на словах смерць роднага, часта зусім не старога, не пабачыўшы яго.

На піку захворванняў у шпіталі зʼявіліся каманды работнікаў з планшэтамі, якія наладжвалі відэасувязь пацыентаў у тым ліку і з сваякамі, якія паміралі. Гэта вельмі дапамагло і семʼям, і медыкам.

Палявы шпіталь гуманітарнай арганізацыі евангельскіх хрысціян «Торба самарыцяніна» у Цэнтральным парку Нью-Ёрка. 8 мая 2020 года.
Фота: Lucas Jackson / Reuters / Forum

Падчас эпідэміі вялікую ролю адыгралі штодзённыя кароткія агульныя нарады-званкі шпіталяў з гарадскім штабам па масавай смяротнасці. Было заўважна, як работнікі штаба набіралі досвед, спрабавалі новыя рашэнні і, вядома, мянялі гэтыя рашэнні, калі яны не працавалі. Удзельнікі званкоў дапамагалі адзін аднаму парадамі, задаючы пытанні і нават патрабуючы нейкіх дзеянняў ад гораду.

Фраза арганізатараў нарадаў «мы ляцім на самалёце, які працягваем будаваць» стала адлюстраваннем таго, як група людзей з самых розных вобласцяў гарадской інфраструктуры, бізнесу і медыцыны шукала спосаб, як даць усім сем’ям магчымасць годнага развітання з памерлым і пахавання па іх выбару. Гэта было вельмі важна для разгубленых і ўстрывожаных сваякоў памерлых, якія апынуліся перад выбарам сярод безнадзейна перапоўненых пахавальных бюро. Пры гэтым часта і самі чальцы семʼяў былі хворыя ці нават шпіталізаваны.

Маштабы страт першай хвалі можна ацаніць па адкрытай статыстыцы агульнай смяротнасці. На працягу некалькіх тыдняў смяротнасць у горадзе павялічылася на 20-30% у параўнанні з папярэднімі гадамі. Медыкі, як і работнікі іншых, асноўных, службаў, адчулі трывогу за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх, і боль за пацыентаў і хворых супрацоўнікаў, і страх перад невядомым. На асабістым узроўні ўдзельнікам гэтых падзей яшчэ трэба будзе перапрацаваць уражанні і перажыванні, якія былі схаваныя пакуль усе былі вельмі занятыя.

У той жа час эпідэмія робіць шмат якіх людзей, якія апынуліся ў эпіцэнтры, мацней, вучыць працаваць камандай, вырашаць новыя складаныя задачы і дамагацца неабходных зменаў, і быццам перастаўляе прыярытэты. Беларусь, як паўнавартасная частка свету, таксама праходзіць гэтыя ўрокі.

ДД/МВ belsat.eu

Стужка навінаў