Расея абвясціла аб закрыцці межаў, у тым ліку і з Беларуссю, з 18 сакавіка да 1 траўня. На такія захады ўсходняя суседка Беларусі пайшла з прычыны распаўсюду каронавіруса. Ці паспелі зрэагаваць на забарону транспартавыя службы?
На сайце Беларускай чыгункі яшчэ прадаюцца квіткі на цягнікі ў Маскву і Санкт-Пецярбург на чацвер, 19 сакавіка. На больш познія даты рэйсы таксама ёсць. На гарачай лініі Беларускай чыгункі нам адказалі, што не маюць афіцыйнага пацверджання аб закрыцці мяжы. Таму на дадзены момант усе цягнікі ў бок Расеі курсуюць. Але не выключаюць, што заўтра сітуацыя зменіцца.
Менскі аўтавакзал яшчэ прадае квіткі на некаторыя рэйсы ў Маскву пасля 18 сакавіка. Таксама магчыма набыць квіткі з Гомля ў Бранск.На сайце перавозніка «Ecolines» размешчаная аб’ява, што рэйсы з Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Фінляндыі і ў тым ліку Расеі адмененыя праз закрыццё межаў.
Ужо набытыя квіткі дзейнічаюць, але ў выглядзе білетаў з адкрытаю датай. Некаторыя маршрутныя перавознікі таксама абвясцілі, што рэйсы ў Маскву і з яе будуць адмененыя.
Але на папулярным сэрвісе «BlaBlaCar», дзе кіроўцы на ўласных аўтамабілях прапаноўваюць падвезці іншых людзей, яшчэ шмат прапановаў да Масквы. Нам удалося звязацца з кіроўцам, які едзе 19 сакавіка з Менску ў Маскву. Гэта грамадзянін Расеі, які «едзе дадому». У Санкт-Пецярбург рэйсаў не было.
Авіясувязь паміж краінамі таксама будзе часткова спыненая. Беларускі авіяперавознік «Белавія» адмяніў рэйсы ў расейскія гарады, сярод якіх Варонеж, Краснадар, Масква (аэрапорт «Жукоўскі»), Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Сочы з 18 сакавіка да 1 траўня. Пасажырам абяцаюць вярнуць грошы за квіткі ці перанесці на іншую дату. Рэйсы ў маскоўскія аэрапорты «Шарамец’ева» і «Дамадзева», а таксама ў Калінінград пакуль што застаюцца.
Учора расейскі прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін абвясціў, што Расея закрывае межы з Беларуссю. Раней на такі крок пайшлі Польшча, Літва, Латвія і Украіна. На цяперашні момант Беларусь – адзіная з краінаў-суседак з адкрытымі межамі.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu