Навукоўцы паспелі ўратаваць з-пад каўша экскаватару толькі частку костак і бясцэнных упрыгожанняў з грунтовага могільніку XIV стагоддзя.
Археолаг Яўген Ўласавец, які займаецца раскопкамі ў Ашмянскім раёне з 2007 года, паведаміў, што падчас працаў па добраўпарадкаванні прылеглай да замку тэрыторыі рабочыя знялі грунт на глыбіню ад 40 да 80 сантыметраў. У выніку гэтага яны сур’ёзна пашкодзілі, а месцамі і цалкам знішчылі могільнік XIV стагоддзя.
Паводле Ўласаўца, ён разам з калегамі з Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук выявілі там чатыры жаночыя пахаванні з таго перыяду.
«Адно з іх цалкам разбуранае, два іншых моцна пашкоджаныя гусеніцамі тэхнікі, якая працуе на аб’екце, і толькі чацвёртае пахаванне цалкам ацалела. Пры гэтым амаль усю меркаваную плошчу могільніка засыпалі пяском або залілі бетонам», – піша даследчык.
У сувязі з гэтым навуковец звяртаецца да ўсіх тых, хто нядаўна ездзіў на перапахаванне паўстанцаў 1863 года ў Літву, каб яны прыклалі крыху намаганняў і паспрабавалі змяніць катастрафічную сітуацыю ў сферы аховы нашай гістарычнай спадчыны.
«Ва ўсіх на слыху рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі Віленскага замка, падчас якіх выявілі магілы паўстанцаў 1863 года. Гэтая навіна знайшла жывы водгук у беларускім грамадстве. Тысячы людзей падпісалі петыцыю пра перапахаванне лідара паўстанцаў, Каліноўскага, на тэрыторыі Беларусі, – працягвае Уласавец. – Беларускія ж рэаліі ашаламляльна адрозніваюцца ад літоўскіх. Большасць працаў на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны праходзяць без якога-небудзь удзелу археолагаў. Сітуацыя з Гальшанскім замкам і магільнікам наглядна ілюструе тое, да чаго прыводзяць работы, якія праводзяцца з грубейшымі парушэннямі дзейнага заканадаўства».
«Лёс гэтых безыменных парэшткаў жыхароў сярэднявечных Гальшанаў цалкам маглі падзяліць і магілы паўстанцаў 1863 года на чале з Каліноўскім, калі б яны воляю лёсу апынуліся не на тэрыторыі Літвы, а ў Беларусі», – дадае Уласавец.
Пра пачатак рэканструкцыі Гальшанскага замку абвесцілі ў 2009 годзе. Гісторыкі ўпэўненыя, што працы на замку хутчэй разбураюць гэты помнік дойлідства, чым аднаўляюць яго.
Гальшанскі замак – адзін з самых прыгожых будынкаў ВКЛ, які па вонкавым выглядзе нагадваў галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антвэрпэнам, быў своеасаблівай загараднай рэзідэнцыяй.
Ягонае руйнаванне бярэ пачатак у 1880 годзе, калі новы ўладальнік пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.
ДД belsat.eu