Выглядае, расследаваць забойства Рамана Бандарэнкі ўлады Беларусі не плануюць. Жахлівыя падзеі на плошчы Пераменаў адбыліся ўжо больш як два месяцы таму, а Генеральная пракуратура ўсё яшчэ не скончыла праверку, хаду якой трымаюць у сакрэце ад сям’і забітага. Крымінальную справу так і не завялі. Затое папярэднюю праверку правяла ініцыятыва ByPol, што аб’ядноўвае былых і дзейных беларускіх сілавікоў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Галоўны вынік праверкі – выяўленне ўсіх удзельнікаў выкрадання і забойства Рамана Бандарэнкі. Іх можна падзяліць на некалькі групаў.
Супрацоўнікі Спецатраду хуткага рэагавання (САХР):
• капітан Сяргей Сарман;
• старэйшы прапаршчык Сяргей Анцюфееў;
• прапаршчык Алег Буйкевіч;
• прапаршчык Раман Савенка;
• старэйшы прапаршчык Яўген Ціманоўскі на мянушку Цяж (меркавана, менавіта ён незадоўга да пагружэння Рамана ў аўтамабіль прыўзняў хлопца за ногі, а пасля рэзка апусціў на зямлю, у выніку чаго той сутыкнуўся галавою з плоскасцю).
У іхным мікрааўтобусе Рамана забралі з плошчы. Там жа, калі верыць перахопленай размове Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, хлопца працягвалі збіваць. На думку ByPol, у дачыненні іх існуюць дастатковыя звесткі для падазрэння ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў паводле матыву ідэалагічнай варожасці, якія пацягнулі смерць чалавека (то бок п. 14 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу).
Другая група – амапаўцы:
• капітан Руслан Куляшоў;
• прапаршчык Раман Крывашэін;
• іншыя сябры аператыўнай групы з ліку супрацоўнікаў 7-й роты 19-га ўзводу АМАПу Менгарвыканкаму.
Яны прывезлі непрытомнага Рамана Бандарэнку ў Цэнтральнае РУУС. ByPol кваліфікуе іхныя дзеянні як саўдзел у забойстве паводле таго ж п. 14 ч. 2 арт. 139 КК.
Яшчэ адна група – «неабыякавыя людзі», якія прыехалі на плошчу Пераменаў знішчаць бел-чырвона-белыя стужачкі:
• трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі і кіраўнік Беларускай федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў;
• інструктар па адмысловай падрыхтоўцы вайсковых частак 3214 і 3032 Унутраных войскаў сябар Баскава Дзмітрый Шакута;
• прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант;
• залвіца Наталлі Эйсмант вядоўца БТ Ганна Эйсмант;
• былы хакеіст, гулец хакейнай каманды Лукашэнкі Павел Волчак;
• жонка Паўла Волчака Жанета.
Паводле ByPol, яны распачалі канфлікт, у выніку якога выкралі Рамана. Таксама гэтыя людзі хавалі інфармацыю пра вядомых ім удзельнікаў злачынства (гэта можна кваліфікаваць як злоснае хуліганства і неданясенне пра злачынства, ч. 2 арт. 339 і ч. 1 арт. 306).
Прысутнасць амаль усіх гэтых людзей на плошчы Пераменаў і побач пацвярджаюць звесткі білінгу іхных тэлефонных нумароў. Дзмітрый Баскаў – адзіны з 12 чалавек, хто адключыў свой тэлефон. Аднак яго пазналі сярод удзельнікаў акцыі. Да таго ж, ягоны тэлефон быў адключаны толькі з 20:57 да 23:17. А білінг па-за гэтым часам дэманструе, што ў той вечар Баскаў перасоўваўся з Шакутам і Наталляй Эйсмант.
Ганна Эйсмант звесткі ByPol абвяргае. Вядучая кажа, што ў той час была ў жывым эфіры «Панарамы» і «не магла фізічна браць удзел ні ў якіх акцыях». Аднак, як трапна заўважылі нашыя калегі з «Нашай Нівы» гэта наўрад ці можна палічыць за доказ, які нешта абвяргае. «Панарама» стаіць у праграме з 21:00 да 21:45. Навіны спорту часта затрымліваюцца, і, паводле інфармацыі НН, 11 лістапада Эйсмант была ў эфіры ў 21:55–22:07.
У той жа час з білінгу нумару вядучай вынікае, што ў 22:43 яна знаходзілася на вуліцы Шчадрына, 83 (кіламетр ад плошчы Перамен). Пры гэтым пазначана, што падчас размовы жанчына перасоўвалася і ўжо праз дзве хвіліны была ля нейкай паркоўкі на Арлоўскай. На паездку ад Шчадрына, 83 да Макаёнка, 9 (будынак БТ) Google Maps дае ад 13 да 18 хвілін. Выкраданне Рамана Бандарэнкі Ганна Эйсмант, хутчэй за ўсё, не заспела, але ў тым раёне была.
Адлегласць ад плошчы Пераменаў да Цэнтральнага РУУС Менску – 750 метраў. Google Maps сцвярджае, што пераадолець яе на аўтамабілі можна за тры хвіліны. Рамана Бандарэнку звезлі з плошчы ў 22:19. У РУУС яго даставілі толькі ў 22:58. Што адбывалася з хлопцам у гэтыя 40 хвілінаў, дакладна невядома.
Стан Бандарэнкі пасля прыбыцця ва ўпраўленне ўжо быў даволі цяжкі: ён не мог самастойна перасоўвацца і падтрымліваць моўны кантакт. ByPol са спасылкаю на «кампетэнтныя крыніцы» сцвярджае, што супрацоўнікі АМАПу кінулі яго да аператыўнага дзяжурнага ў памяшканні дзяжурнай часткі. Хлопец тады мог толькі торгацца.
У 23:04 супрацоўнік АДС упершыню патэлефанаваў у хуткую дапамогу. Гэта стандартная працэдура, калі ў РУУС дастаўляюць моцна пʼянага, заўважае ByPol. Пры гэтым тэлефанаванні дзяжурны размаўляе спакойна і просіць даслаць брыгаду па пʼянага чалавека.
Далей міліцыянты паспрабавалі прывесці Бандарэнку ў прытомнасць і ўдакладніць ягоныя звесткі. З гэтай мэтаю хлопца білі па ланітах, тузалі. У гэты момант супрацоўнікі заўважылі адсутнасць характэрнага для п’янага чалавека паху. Далей яны тэлефанавалі ў хуткую яшчэ двойчы (у 23:06 і 23:08). Пры гэтым сцвярджалі, што Раман не п’яны і траціць прытомнасць.
З 09:00 11 лістапада да 09:00 12 лістапада адказным супрацоўнікам Цэнтральнага РУУС быў намеснік начальніка крымінальнай міліцыі палкоўнік Аляксей Бабкоў. З білінгу ягоных тэлефонаў можна зразумець, што а першай гадзіне ночы ён прыехаў у Бальніцу хуткай медычнай дапамогі (БХМД), куды прывезлі Бандарэнку. Прымаў хлопца ў РУУС аператыўны дзяжурны. Ягонае імя невядомае.
Агляд Бандарэнкі ў прыёмным аддзяленні пачаўся ў 00:05 12 лістапада (з моманту дастаўкі ў РУУС мінула гадзіна) і скончыўся ў 00:10. Хлопец паступіў непрытомны. Ягоны нервова-псіхічны стан паводле шкалы комы Глазга ацанілі на 4 балы, хоць найбольш цяжкая ступень у ёй – 3 балы.
Пасля агляду Рамана шпіталізавалі з дыягназам «закрытая цяжкая ЧМТ ад 11.11.2020. Вострыя субдуральныя гематомы над абедзвюма гемісферамі галаўнога мозгу Траўматычнае САК [субарахнаідальнае кровазліццё – кровазліццё ў субарахнаідальную прастору (пустоціна паміж павуцінавай і мяккай мазгавымі абалонкамі). – ByPol]».
Калі прасцей, то Бандарэнка атрымаў даволі цяжкую ЧМТ. У расследаванні заўважаюць, што яшчэ 5–7 гадоў таму такія пашкоджанні класіфікаваліся як не сумяшчальныя з жыццём. Прычына смерці хлопца ёсць у адпаведным пасведчанні – «Траўматычнае субдуральнае кровазліццё».
«Тэрмін «траўматычнае» з гледзішча крымінальна-працэсуальнай ацэнкі факту смерці Рамана наўпрост указвае на яе гвалтоўны характар», – адзначае ByPol.
Пашкоджанні Бандарэнкі (ранкі мяккіх тканак твару, правай вушной ракавіны, абедзвюх ніжніх канцавінаў) і відэазапіс, на якім супрацоўнік САХР (меркавана, Ціманоўскі) упускае хлопца на зямлю, на думку ByPol, сведчаць, што ЧМТ Раман атрымаў не сам.
Ініцыятыва сцвярджае, што тая ж прычына смерці была і ў заключэнні комплекснай камісійнай судова-медычнай экспертызы цела, якую зладзілі начальнік Аддзелу агульных экспертызаў № 2 Упраўлення судова-медычных экспертызаў Упраўлення дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў Менску (ААЭ № 2 УСМЭ УДСЭ) Навумік І. Н., а таксама яе намеснік Гарэлік С. С. ды іншыя эксперты.
Медычна-крымінальную экспертызу (выяўляе механізм прычынення цялесных пашкоджанняў) зладзілі ў лабараторыі аддзелу агульных экспертызаў № 3 (Даўгінаўскі тракт). Яна паехала ў ААЭ № 2 (вуліца Кіжаватава, 58е), а па дарозе некуды знікла. Супрацоўнікі Упраўлення ўласнай бяспекі ДКСЭ распачалі праверку паводле гэтага факту, аднак знайсці дакумент не дапамаглі ні відэазапісы з камераў, ні крыміналісты, ні нават сабакі. Унутранае расследаванне працягваецца.
Ставяць кропку і ў пытанні цвярозасці нябожчыка. У папярэднім дыягназе быў пытальнік у радку пра ягонае апʼяненне, аднак гэта нібыта нічога не значыць.
«Адсутнасць у крыві Рамана слядоў этылавага спірту адназначна сведчыць, што ён быў цвярозы (папярэдні дыягназ «алкагольнае апʼяненне» быў выстаўлены яму пры паступленні ў шпіталь на падставе анамнезу выкліку брыгады хуткай медычнай дапамогі ды наяўнасці слядоў ванітавых масаў у каляротавай вобласці). Магчымая наяўнасць слядоў алкаголю ў іншых біяматэрыялах Бандарэнкі, пра што так настойліва кажуць прадстаўнікі дзейнага рэжыму, можа сведчыць толькі пра ўжыванне ім алкагольных напояў у мінулым і не мае ніякага значэння для ацэнкі акалічнасцяў і прычынаў ягонай смерці».
ЯП, belsat.eu