Хутка зацяты вандроўнік Лёня Пашкоўскі распачне чацвёрты сезон свайго «Youtube»-шоу «Хачу дамоў». Гэтым разам ён выправіцца ў Афрыку і Лацінскую Амерыку. Мы злавілі відэаблогера ў ягоныя кароткія вакацыі ды пагутарылі пра нялёгкае жыццё няўрымслівага чалавека.
Калі хто не ведае, маладзён абірае незвычайныя мясціны, але кіруецца не дзіўнаю прыродай ці надзвычайнай архітэктурай, а спецыфічнымі традыцыямі, вераваннямі, эканамічнай ці палітычнай абстаноўкаю. Часцяком такім акалічнасцям таварышуе беднасць.
Гэтак, вы б дакладна не паехалі ў Горад Сонца (трушчобы сталіцы Гаіці), а Лёня там чытаў рэп пра сапраўдных мужчынаў з сапраўднымі гангста-рэперамі: «Мяне гэтая краіна паразіла сваёй сукупнасцю хаосу. Нібыта постапакаліпсіс абсалютны. Там ні дня не хочацца быць».
Эпізоды настолькі адпрацаваныя, што, падаецца, над кожным рупіцца цэлая каманда «Арла і рэшкі», але насамрэч Лёня адзін займаецца пошукамі, лагістыкаю, здымкамі, мантажом, прасоўваннем праекту, манетызацыяй «YT»-каналу. Відэаблогер шчыра прызнаецца, што зарабляць вандроўкамі – спецыфічная забава: «Я дужа стаміўся і не вельмі хачу зараз некуды ехаць, нешта здымаць. Але я так заўжды кажу напярэдадні новага сезону. Дый шкада кінуць такі праект у самым пачатку».
Звычайна людзі ездзяць у адпачынку. А калі паездкі – гэта твая праца, то выдатна і проста пасядзець. Пасля цяжкіх здымкаў хлопец дае сабе прадыхацца: «Часам я еду кудысьці на пару дзён. Проста ем, п’ю, хаджу. Нічога выбітнага. Больш за ўсё люблю проста ўдома пабыць, каб нічога не адбывалася. Сядзіш на канапе, глядзіш серыяльчыкі».
Леанід транслюе разнастайнасць свету і закранае праблемы, пра якія большасць людзей ніколі і не ведала. Гэтак гісторыя пра лагеры для уйгураў у Кітаі сталася адною з самых папулярных і распачала гарачыя дыскусіі ў каментарах. «Праўда, я перастаў чытаць каментары, бо прымаю гэта блізка да сэрца», – прызнаўся відэаблогер.
Але не ўсе вандроўкі (знятыя, змантаваныя і залітыя ў канал) мы можам паглядзець. «YT» выдаліў самы гарачы эпізод пра Кубу. Прычыны няясныя: «Там былі малыя, што танчылі тўэрк. Гэта натуральны танец для рэгіёну, але платформа пастанавіла, што такі кантэнт небяспечны для дзяцей. Складана дабіцца нейкага тлумачэння, таму перазаліваць наўрад ці буду – раптам прыбралі не праз тўэрк».
Безліч разоў Леаніду пагражала небяспека ад вулічных бандытаў, вайскоўцаў ці нават ад самога наваколля:
«Я не прызвычаіўся, кожны раз хвалююся. Страх часцей за ўсё праходзіць на месцы, калі пачынаеш здымаць, пачынаеш думаць пра іншае. Часам усё адбываецца лепей, чымся думаў да таго. І адмысловае рыхтаванне: загадзя даведваюся, што можна, а што нельга».
У пачатку вандроўкі ў Лёні ўжо ёсць план – нейкая «рыба», ад якой у хадзе здымкаў адвальваецца 50-80 %: «Я ведаю, што хачу распавесці і дзе пабываю. Часта выпадае на месцы кагосьці шукаць ці нехта распавядае добрую гісторыю, а гэта новае месца, новы герой – усё перакройваецца».
На платформе «Ulej» праект падтрымалі больш за 900 спонсараў, 500 з якіх атрымаюць за гэта паштоўкі. «Я пакуль не ведаю, адкуль канкрэтна буду іх пасылаць. Не паўсюль тыя паштоўкі можна набыць. І пошта мусіць быць, што таксама ў Афрыцы не паўсюль. Калі будзе і тое, і другое, засяду на пару дзён, каб усе падпісаць», – прызнаецца відэаблогер.
Галасаванне за кантыненты не выявіла адназначнага лідара для вандровак наступнага сезону, таму Лёня будзе здымаць і ў Афрыцы, і ў Паўднёвай Амерыцы. Пачне з чорнага кантыненту: першы эпізод выйдзе ўжо 9 верасня.
Марыя Грыц, фота Лёні Пашкоўскага belsat.eu