Нічому не вучымся. Курс расце, а беларусы набралі валютных растэрміновак

Дэдаларызацыю прафукалі: беларусы зноў вінныя за жыллё ў валюце.

Валютнае крэдытаванне фізічных асобаў Нацбанк Беларусі забараніў яшчэ ў 2009 годзе. Пасля дэвальвацыі, калі ледзь не ў раптоўна даходы грамадзянаў у доларавым эквіваленце ўпалі на 30%. Тыя, хто ў 2008-м аддаваў паўзарплаты на выплаты па крэдыце на жыллё, пасля дэвальвацыі выявілі: не застаецца на пражытак. І пайшлі ў банкі прасіць даць адтэрміноўку, перагледзець умовы. Былі нават тыя, хто аддаў банку жыллё, зрэшты, гэта былі адзінкі. Нацбанк грамадзянам спрабаваў падмагчы: спачатку абавязаў банкі браць плацяжы не ў доларах, а ў рублях па курсе. А потым настойліва рэкамендаваў перавесці валютныя крэдыты ў рублёвыя. Са скрыпам і не ўсе банкі пагадзіліся. Да гэтага часу ёсць сем’і, якія выплачваюць валютныя крэдыты. У Беларусбанку, дарэчы, стаўка па іх зніжалася, апошняя была 5% гадавых у доларах.

Эканоміка з 2009-га не стала больш устойлівай, а другая хваля абясцэньвання беларускага рубля ў 2011-м умацавала забудоўшчыкаў у перакананні, што трэба неяк прывязваць плацяжы дольшчыкаў да курсу долару. На фоне няспынных размоваў пра дэдаларызацыю айчыннай эканомікі крызіс 2015-га вымусіў прывязаць цану квадратнага метра да долара нават дзяржзабудоўшчыкаў, якія будуюць камерцыйнае жыллё.

Фота: pixabay.com

Большасць дэвелопераў падавала растэрміноўку роўна на будаўніцтва дому, чытай, на год-два. Таму тыя, хто згаджаўся, хоць неяк маглі разлічыць сілы. Пяцігадовая валютная растэрміноўка прапаноўвалася ў «А-100». Сямігадовая, з падаражэннем квадратнага метра – на самы дарагі праект «Айрона». Максімальная, на дзесяць гадоў – у «Дана Холдынгз» і навасёлаў Менск-Міру. Нагадаю, маркетолагі сербскіх сяброў Лукашэнкі прыдумалі, як прадаць будучыя метры тым, у каго няма пацверджаных даходаў і мінімум грошай на першапачатковы ўзнос. У растэрміноўку, з прывязкай да еўра. Так забудоўшчык нічога не губляе, але атрымлівае масавыя продажы і стабільную крыніцу фінансавання.

На момант з’яўлення прапановы яна выглядала для непадрыхтаванай псіхікі павабна. Штомесяц плаціць забудоўшчыку належала столькі ж, колькі б плаціў банку, калі б банк ухваліў крэдыт. Пры гэтым забудоўшчык ніяк не абмяжоўваў патэнцыйнага пакупніка. Хочаш у растэрміноўку стометровую кватэру па 1200 еўра за квадратны метр? Калі ласка, заплаці 10% ад кошту, падпішыся пад дагаворам далёўкі, плаці, а як здадзім, карыстайся па дамове найму і працягвай выплачваць.

Колькі менавіта людзей паўдзельнічалі ў «акцыях» забудоўшчыкаў, камерцыйная таямніца, але відавочна, нямала. У офісе «Даны Холдынгз» у першыя дні дзеяння прапановы тоўпіліся пакупнікі ўсіх узростаў і з усёй краіны. Не падобна, што ўсе яны атрымліваюць зарплаты ў прывязцы да еўра. І не факт, што ўмеюць прадбачыць будучыню.

Еўра ў пачатку студзеня каштавала 2,35 беларускага рубля, у пачатку верасня – 3,16. Плацёж у 500 еўра (чамусьці менавіта гэтая сума падавалася ў рэкламе як выдатная прапанова – жывеш у «сваёй» кватэры і плаціш як за здымную) вырас у беларускіх рублях з 1175 да 1580.

«Растэрміноўнікам» відавочна стала цяжэй плаціць, і не факт, што гэта мяжа росту кошту еўра. Падобна на тое, сцямілі, што наперадзе могуць быць праблемы, і менеджары Даны. І вырашылі для пачатку проста скараціць колькасць тых, хто ўзяў жыллё ў растэрміноўку, прастымуляваць іх разлічыцца датэрмінова за зніжку.

У аддзеле продажаў «Дана Холдынгз» парталу Realt.by патлумачылі, як дзейнічае свежая акцыя:

– Растэрміноўка дзейнічае на суму датэрміновага пагашэння. Гэта значыць, дапусцім, вы гасіце 5000 Еўра, у астатку – 26 тысяч еўра. 20% ад 5000 еўра – гэта 1000 еўра. У выніку адымаецца ад астатку 5000 еўра і яшчэ дадаткова 1000 еўра. Атрымліваецца, што ў выніку застанецца 20 тысяч еўра. Менавіта такім чынам дзейнічае зніжка на датэрміновае пагашэнне.

Але пры гэтым унесеная сума павінна быць не менш сумы двух абавязковых плацяжоў. Гэта значыць, калі абавязковы плацеж складае, да прыкладу, 500 еўра, а кліент уносіць 700 еўра, то гэта не будзе лічыцца датэрміновым пагашэннем. У такім прыкладзе – толькі ад 1000 еўра. І чым больш плацеж датэрміновага пагашэння, тым больш зніжка.

Меркаванні
Хацелі як лепш. Замест таннага жытла нас чакае дарагое і перадзел будрынку
2020.07.16 14:35

Тыя, хто ўзяў кватэру ў растэрміноўку, маючы на руках ледзь не ўвесь яе кошт, прапановай скарыстаецца. Але самых небагатых кліентаў, якія атрымліваюць зарплату ў рублях, акцыя не ўратуе. Ім усё цяжэй плаціць, і, калі курс працягне расці, можна чакаць ланцугоў грамадзянаў з плакатамі «не адбірайце ў нас дах над галавой» і »у нашых дзяцей няма іншага жылля«. Ну ці нешта больш жорсткае ў адрас забудоўшчыка. Хоць вінаваціць забудоўшчыка няма ў чым – ён нікога не падманваў, сілком не цягнуў, людзі добраахвотна падпісваліся пад графікам плацяжоў.

Тыя, хто не зможа плаціць, трапляюць у патавую сітуацыю: кватэра ім не належыць, у аздабленне ўжо ўкладзеныя дзясяткі тысяч, па дамове яны проста абавязаныя сабраць рэчы і сысці. Штрафныя санкцыі за скасаванне дамовы і выплата рэшткаў у рублях без прывязкі да валюты – усё, што належыць тым, хто выскачыў з растэрміноўкі.

Можна, вядома, наіўна спадзявацца, што ні адна сям’я не патрапіць у гэтую сітуацыю. Але – рызыка велізарная. Застаецца толькі гадаць, куды глядзелі Нацбанк з Мінʼюстам, калі забудоўшчыкі запускалі гэтую акцыю, як не разглядзелі небяспекі. І чакаць, калі бомба валютнай растэрміноўкі здэтануе.

Чытайце іншыя артыкулы аўтара па спасылцы тут.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў