Гэта няпросты год тэатральная група вырашыла скончыць з іскрынкай уваччу, полымем у сэрцы і з прэм’ерай на ютубе.
Яны зноў звярнулі ўвагу на п’есу нямецкага драматурга Георга Бюхнэра «Войцэк» і сёння прапануюць вам выбраныя сцэны з п’есы і спадзяюцца, што гэта стане пралогам да больш маштабнага тэатральнага праекту.
Рэжысёр пастаноўкі Раман Падаляка: «Тэкст п’есы даволі складаны і неадразу можна знайсці да яго ключык. Для мяне гэта гісторыя простага, маленькага чалавека, які не быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіцёнкам. Але сістэма паступова падбіраецца і да яго ды жорстка нішчыць самае добрае, што засталося ў ягонай душы. У выніку Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсе чалавечнае ў сабе».
Толькі адзін вечар будзе прэм’ерны паказ – 30 снежня а 19:00 акторы будуць чакаць тут. Доступ да спектакля «Войцэк. Сцэны» будзе адкрыты з 19:00 да 24:00 30 снежня. Наступны паказ адбудзецца 20 студзеня 2021 года.
Паказ бясплатны, аднак удзельнікі групы будуць удзячныя за падтрымку Купалаўцаў каляднымі данатамі ці за спонсарства.
Георг Бюхнер напісаў сваю самую славутую п’есу «Войцэк» у 1837 годзе, але поспех да твора прыйшоў толькі ў ХХ стагоддзі, якое вызваліла яго абсурд, неверагодную экспрэсію і вострую экзістэнцыяльную праблематыку. Хто такі Войцэк? Франц Войцэк – патульны, як цялё, салдат. Служыць ён аддана і пагаджаецца на ўсё: на сумнеўныя эксперыменты шарлатана-доктара, на папрокі дурнаватага капітана, на кпіны і знявагі. Абы прынесці грошай сваёй каханай Марыі і прабавіць вольную хвіліну над калыскай сына. Аднак падзеі паступова выходзяць з-пад яго і так слабога кантролю.
Над спектаклем «Войцэк. Сцэны» працавалі:
Войцэк – Аляксандр Казела
Мары – Кацярына Яворская
Крысціна Дробыш
Марта Голубева
Таццяна Дзянісава
Капітан – Аляксандр Зелянко
Андрэс – Аляксандр Паўлаў
Павел Астравух
Доктар – Андрэй Дробыш
Павел Паўлюць
Рэжысёр – Раман Падаляка
Памочнік рэжысера – Алеся Бельская
Пераклад – Ірына Герасімовіч
Мастак – Кацярына Шымановіч
Мастак-аніматар – Насця Камінская
Мастак па святле – Мікалай Суркоў
Кампазітар – Эрык-Арлоў-Шымкус
Мантаж – Міхаіл Міцькоў
Гукарэжысёр, звядзенне гуку – Юрась Бачкароў
Працягласць – 50 хвілін. Прэм’ера – 30 снежня 2020 года