Галадоўка каля СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, якую абвясцілі маці і сяброўка палітвязня Змітра Фурманава, ідзе другі дзень.
З 26 ліпеня каля следчага ізалятара галадаюць маці палітвязня Вольга Фурманава і ягоная сяброўка Вольга Каракіна. Іх падтрымлівае бацька Змітра – Аляксандр Фурманаў.
У каментары belsat.eu Вольга Каракіна адзначыла, што першую ноч «пераначавалі нармальна». Паводле яе, увесь час прыходзяць дапамагчы і падтрымаць «звычайныя неабыякавыя людзі».
«Учора цэлы дзень прыходзілі людзі ўвесь час. Не было такога, каб мы заставаліся самыя. Увесь час нехта прыходзіць, падтрымлівае, сыходзіць. Нехта з намі ўвесь час, нехта прыйшоў другі раз», – распавяла дзяўчына.
Людзі прыносяць ваду, дораць кветкі, у дождж – прыносілі дажджавікі і парасоны.
Сярод тых, хто прыходзіў былі таксама Вольга Севярынец, жонка палітыка Паўла Севярынца, Надзея, нявеста затрыманага разам са Змітром Вяргілія Ушака, прадстаўніца руху «Маці-328». 27 ліпеня падтрымаць галадоўнікаў прыйшла кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
«Усю ноч са мной сядзелі каля сямі чалавек. Бацькі з’язджалі, начавалі на кватэры, а я тут была самая. І хлопцы, дзяўчаты сядзелі са мной усю ноч», – сказала Вольга Каракіна.
Паводле яе, «кушаць не хочацца пакуль». Кепскага самаадчування дзяўчына не заўважае. А вось у маці Змітра Фурманава кружыцца галава.
З моманту пачатку галадоўкі да ўдзельніц ніхто не выйшаў з СІЗА, адміністрацыя ўстановы на іх не рэагуе. Але намер галадоўніц гэта не ўплывае.
«Не збіраемся адмаўляцца, працягваем далей галадаванне. Будзем дамагацца [вызвалення. – Рэд. Belsat.eu]», – распавяла Вольга Каранкіна.
35-гадовы гарадзенец Зміцер Фурманаў быў затрыманы 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай. Ён быў рэгіянальным каардынатарам. У той жа дзень быў затрыманы сам Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі.
Яго вінавацяць у паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.
МГ belsat.eu