Чарговая рэвалюцыя ў Кыргызстане. Спецыфікай палітычнага ладу гэтай дзяржавы з’яўляецца слабасць і няўстойлівасць дэмакратычных інстытутаў, характэрная для краін рэгіёну. З іншага боку, нягледзячы на геапалітычнае становішча, вакуум дэмакратычнага ўплыву звонку і няўстойлівы дэмакратызм, тут так і не сфармавалася жорсткага, цэнтралізаванага аўтарытарнага, персаналісцкага праўлення, як, напрыклад, у Казахстане ці Узбекістане.
У Кыргызстане з 1991 года адбыліся тры рэвалюцыі. У рэспубліцы за 30 гадоў памянялася 3 прэзідэнта (магчыма, што бліжэйшым часам сыдзе чацвёрты). Пры гэтым пакуль толькі адзін кіраўнік дзяржавы змяніўся ў выніку выбараў, якія прайшлі ў 2017 годзе. Умоўна ў краіне было 5 прэзідэнтаў, калі браць пад увагу існаванне пераходнага ўрада і часовую кіраўніцу дзяржавы Ружу Атумбаеву ў 2010 годзе. Гэтай паўдэмакратычнай, рэвалюцыйнай ратацыяй можна растлумачыць прычыну маланкавасці рэвалюцыі ў краіне і ключавое адрозненне з падзеямі ў Беларусі.
Іншай спецыфікай і каталізатарам рэвалюцыйнага руху з’яўляецца карупцыйнасць кіроўных эліт і прэзідэнтаў. Два былыя прэзідэнты Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў пільна пакінулі краіну і (адзін у Расеі, другі ў Беларусі), абодва знаходзяцца ў вышуку па крымінальных справах.
Трэці, Алмазбек Атамбаеў, быў арыштаваны ў перыяд праўлення новага прэзідэнта Сааранбаем Жээнбекавым і ўтрымліваўся ў СІЗА. Дарэчы, дзейнасць Атамбаева была звязаная з шэрагам карупцыйных скандалаў. Да прыкладу, асабісты кіроўца Атамбаева Ікрамжан Ілміянаў за 6 гадоў ператварыўся ў высокапастаўленага чыноўніка і аднаго з багатых людзей краіны. У выніку Атамбаева прысудзілі да 11-ці гадоў турмы.
Кожны з тых, хто займаў пост прэзідэнта Кыргызстану, спрабаваў рознымі спосабамі ўтрымаць уладу ў сваіх руках. На такія дзеянні іх штурхала імкненне захаваць доступ да фінансава-эканамічных рэсурсаў. Аднак адзіным, каму гэта ўдалося зрабіць, быў Аскар Акаеў – яго аднаасобнае праўленне доўжылася 14 гадоў, з 1991 па 2005 (па сутнасці 10 гадоў, з моманту калі пачаліся маніпуляцыі з Канстытуцыяй).
Пры гэтым кожны з новых кіраўнікоў краіны перакананы, што зможа гэта зрабіць лепш, чым яго папярэднікі.
Цяперашняя рэвалюцыя акурат і звязаная са спробай прэзідэнта Жээнбекава і ягонага атачэння пашырыць свой кантроль над парламентам. Натуральна, поўны палітычны кантроль азначае хуткае і эфектыўнае пераразмеркаванне дзяржаўных сродкаў.
У выніку галасавання прапрэзідэнцкая партыя «Бірымдзік» і «Мекенім Кыргызстан» набіралі канстытуцыйную большасць. Варта адзначыць, што партыю «Мекенім Кыргызстан» стварылі ўладальнікі найбуйнейшых будаўнічых кампаній краіны. Прадстаўнікі гэтай партыі – ключавыя фігуры кіроўнага палітыка-эканамічнага клана Жээнбекава. Лічыцца, што асаблівае месца ў ім займае сямʼя Матраімавых. Іскандэр Матраімаў – намеснік старшыні Камітэта па супрацьдзеянні карупцыі парламента Кіргізіі, яго жонка Мінавар Жумаева валодае трыма найбуйнейшымі кампаніямі, Раімбек Матраімаў – былы кіраўнік кыргызстанскай мытні, якога абвінавачвалі ў арганізацыі вываду з краіны больш за 700 млн.даляраў. Айэркен Саймаіці, бізнэсовец, які перадаў медыям схемы вываду грошай і ўдзел у іх кыргызстанскіх сілавікоў, быў забіты ў Турцыі ў 2019 годзе.
Карупцыя, самаўпраўства, нявырашаныя сацыяльна-эканамічныя праблемы (мінімальная зарплата ў краіне складае 22 долары, сярэдняя 227), наклаліся на палітычныя супярэчнасці і адкрытыя фальсіфікацыі на выбарах. Як вынік – рэвалюцыя.
Разам з тым рэвалюцыя ў такой сітуацыі не вырашае праблему перабудовы сацыяльных і палітычных традыцый, яна прыводзіць да зрушэння аднаго бізнес-клана іншым. Паказальным у гэтым плане зʼяўляецца вызваленне пратэстоўцамі прэзідэнта-карупцыянера Атамбаева з СІЗА.
Трэба канстатаваць, што цяперашняя рэвалюцыя ці кланавы пераварот не прывядзе да дэмакратызацыі сістэмы. З іншага боку, няўстойлівасць палітычных механізмаў і шырокая карупцыя ў кіроўных элітах робіць рэвалюцыю адзіным механізмам стрымак і гарантый ад кансалідаванага аўтарытарызму ў Кыргызстане.
Павел Усаў/МВ belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.