У нядзелю, 8 лістапада, падчас пратэстных маршаў было затрымана больш за 1000 грамадзянаў па ўсёй Беларусі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Сілавікі вярнуліся да жнівеньскай жорсткасці. Затрыманых зноў збівалі ў аўтазаках, зноў гадзінамі трымалі на холадзе з паднятымі рукамі. У лякарні зноў сталі прывазіць пацярпелых.
Лекарка хуткай дапамогі ананімна распавяла пра тое, што адбывалася ў БХМД пасля разгону і затрыманняў удзельнікаў пратэсту ў Менску. Суразмоўца кажа, што ў гэты раз траўмы ў пацярпелых былі аднатыпныя – разбітыя галовы, паламаныя ногі, рукі, шчыкалаткі.
«Траўматолагі нам дапамагалі, гіпсавалі, бо былі пераломы аскепкавыя і са зрушэннем. Хлопцы казалі, што спачатку сілавікі білі па нагах – ламалі іх, каб чалавек упаў, а потым дабівалі па галаве», – распавядае лекарка.
Пацярпелыя распавядалі медыкам, што іх збівалі пры затрыманні, у бусах і ў аддзяленнях міліцыі. Машыны хуткай прывозілі людзей з РУУСаў Менску. Але дапамогу змаглі атрымаць не ўсе.
«Дзяжурныя з хуткай казалі, што вельмі шмат збітых людзей. Але сілавікі аддавалі толькі тых, хто не мог узняцца, бо ногі паламаныя, хто губляў прытомнасць ці ванітаваў з-за траўмы галавы. Часам казалі дактарам, каб тыя перавязвалі людзей і пакідалі іх у аддзяленнях міліцыі. Няма ніякай прававой нормы, каб лекары маглі забраць чалавека ў міліцыі. Не даюць забіраць, не даюць аглядаць. Медыкаў нават не слухаюць».
Учора ўсе канваіры былі ў балаклавах і паводзілі сябе нахабна. «Медыкі больш для іх – не аўтарытэт абсалютна. Глядзяць на нас азлоблена, хамяць», – адзначыла лекарка.
Учора ў БХМД, па словах суразмоўцы, прывезлі 15 пацярпелых, сярод іх – траіх дзеўчын, дзве ва ўзросце 19-20 гадоў, трэцяя – троху старэйшая. У іх былі траўмы галавы, а таксама сінякі на грудзях і жыватах.
«Я сама была сведкай у жніўні, калі сілавікі жанчын білі па жывату, ніжэй жывата, і казалі, каб не нараджалі адроддзя. Гэта генацыд – я іначай ніяк не магу гэта назваць. І вось зноў такія ж пабоі».
Да пацярпелых прыязджалі блізкія і бацькі. Некаторым станавілася млосна, калі яны бачылі, што сілавікі зрабілі з іх дзецьмі.
«Я не разумею, чаго гэтыя ў масках хочуць дабіцца. Мне ўчора бацькі казалі, што самі пойдуць на наступны мітынг замест сваіх дзяцей і ўжо не будуць убягаць», – кажа суразмоўца.
Глыбокай ноччу ў БХМД, распавядае доктарка, пачалі паступаць людзі з Акрэсціна. Апошняга з пяцёх прывезлі а пятай гадзіне раніцы: «У гэтага хлопца з-за траўмы галавы магла адслаіцца сеткавіца вока. Гэтыя хлопцы прыехалі без канвою, таму пасля аказання дапамогі яны змаглі паехаць дадому, шчаслівыя, што вырваліся на волю».
Сяргей, які таксама працуе ў бальніцы хуткай дапамогі, распавядае, што ад калег з прыёмнага аддзялення ведае, што ў ноч на 9-е лістапада прывозілі шмат параненых.
«Было шмат людзей і траўмы – сур’ёзныя. Нешта падобнае, як было ў жніўні. Зразумела, што выбуховыя траўмы не павязуць да нас – адвязуць па профілі ў ваенны шпіталь. Былі пераломы – білі па кісцях рук, ламалі пальцы. У некалькіх людзей ногі паламаныя. Ёсць страсенні, удары. Можна параўнаць толькі з жніўнем, шмат людзей было і там, без перапынку абследавалі, гіпсавалі, сшывалі», – распавёў Сяргей, лекар больніцы.
21-гадовы Ягор Фатыхаў распавёў «Нашай Ніве» пра сваё затрыманне 8 лістапада. Невядомыя з дубінкамі зламалі яму нагу пры затрыманні на Стэле. Адзін з сілавікоў з крыкам: «Стой, сука!» дагнаў Ягора, ударыў дубінкай па назе.
«Я ўпаў, зляцелі акуляры, я спрабаваў іх знайсці. Пасля я змог падняцца, але зрабіў тры крокі і зразумеў, што нага не ў парадку. Да мяне падскочыў той сілавік, зрабіў падсечку. Я ўпаў. Мяне ўдарылі яшчэ раз па назе, з мацюкамі зацягнулі сцяжкі на руках. Павялі ўніз з горкі. Я прасіўся, каб яны не так моцна мяне нахілялі, бо не мог наступаць на нагу, у адказ мне прыгразілі зламаць яшчэ і другую нагу, – распавядае Ягор.
Яго павялі ў аўтазак.
«Пакуль вялі, я некалькі разоў падаў, мяне яшчэ пару разоў прыдушвалі. Пагражалі: можа, цябе нашым аддаць на разарванне? Білі па галаве, калі не мог ісці, цягнулі па зямлі, я сцёр далоні, – Фатыхаў кажа, што да аўтазака яго давялі ў напаўпрытомным стане. – Я палез на каленях па прыступках, унутры мяне падхапіў сілавік».
Прыехала хуткая, з канвоем Ягора павезлі ў больніцу. У выніку – закрытая ЧМТ, страсенне мазгоў, удары мяккіх тканак, раны на далонях, рассячэнне губы, закрыты пералом малой галёначнай косткі. На нагу зрабілі аперацыю.
– Беларускія ўлады вырашылі, што прыйшоў час татальнай зачысткі ўсяго палітычнага беларускага поля, і яны ўключылі такі рэпрэсіўны механізм. Таму што цярпенне Лукашэнкі лопае, яму цяжка глядзець, як кожную нядзелю Беларусь ператвараецца ў такое свята вольнага народа. Улады адчулі псіхалагічную стомленасць людзей, якія выходзяць на пратэсты, і вырашылі выкарыстаць зручны момант, каб гэты пратэст задушыць. У рэгіёнах жа пратэст амаль сціх, таму можна мясцовую міліцыю спакойна перакінуць у Менск.
Гэтае трохмесячнае супрацьстаянне – гэта такая барацьба на знясіленне праціўніка. Хто першы не вытрымае напругі, той і прайграў. Можна меркаваць, што сілы супрацоўнікаў МУС таксама на зыходзе, таму трэба паспяшацца, каб адным махам пакончыць з пратэстамі і нарэшце спакойна выдыхнуць.
Можна меркаваць, што Лукашэнка спяшаецца, таму што разумее, што сітуацыя ў эканоміцы дрэнная – з-за ковіда, іншых прычын, палітычнай нестабільнасці ў Беларусі. Пакуль яшчэ ўсе не абвалілася, трэба спяшацца і хутчэй усе задушыць. Таму што далей будзе яшчэ горш.
Ну, і таксама магчыма, што і Расея цісне. Былі розныя гіпотэзы аб тым, што Пуцін даў Лукашэнку абмежаваны час, каб навесці парадак, а Лукашэнка ў гэты графік не ўкладваецца, таму цяпер ён і фарсіруе гэтыя падзеі і хоча жорстка задушыць пратэст.
У пэўным сэнсе гэта дае плён. Затрыманых шмат, як у жніўні. І людзей выходзіць меней на вуліцы. Наколькі гэта доўгатэрмінова, гэта іншае пытанне, на якое сёння адказаць немагчыма.
ІК, МГ, «Белсат»