Адвакат Віктара Бабарыкі пра сюжэт на АНТ: Усё выглядае яшчэ больш абсурдна


Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі адрэагаваў у сваім Facebook на сюжэт, прысвечаны справе «Белгазпрамбанку», які выйшаў на тэлеканале АНТ. У «спецрасследаванні» на дзяржаўным тэлеканале прадэманстравалі кадры вочнай стаўкі з Віктарам Бабарыкам.

Адвакат затрыманага патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзідэнта Дзмітрый Лаеўскі лічыць, што ў справе з «Белгапрамбанкам» у следства няма дакладных доказаў віны Віктара Бабарыкі. Нягледзячы на тое, што ў «спецрасследаванні» на АНТ прагучала, што нібыта «фігуранты справы супрацоўнічаюць са следствам», адвакат лічыць, што факт з’яўлення фільма сведчыць пра адсутнасць дастатковых доказаў па справе.

«Рэцэпт кіно просты: падпіскі пра неразгалошванне (узятыя з абароны, што абцяжарвае абвяржэнне), мантаж (бо ёсць столькі нязручных для кіно момантаў), закадравы тэкст (закліканы ліквідаваць сумневы ў тых, хто прывык верыць і адвык думаць)», – піша Дзмітрый Лаеўскі.

«Расказаць пару сказаў тэксту пад відэа – адно, даказаць дастатковасць гэтых словаў у судзе – іншае. Асабліва калі ёсць чым іх аспрэчыць. Канкурэнцыя і публічнасць – няпростыя ўмовы, іх не кожны актор вытрымае, а ўжо змешчаны ў СІЗА абывацель – тым больш. Таму рэпетыцыя пачаліся маштабна. Здзіўляе толькі нізкая якасць.

Дакладна скажу адно: калі дастаткова доказаў, кіно паказваць няма патрэбы.

А паколькі кіно зʼявілася, то грош цана сцэнару.

А наагул мы рады гэтаму «узважанаму» кроку аўтараў, таму што цяпер усё выглядае яшчэ больш абсурдна і зʼявіўся вялікі прастор для адказу, які не прымусіць сябе чакаць», – падсумоўвае Дзмітрый Лаеўскі.

Hавiны
ОНТ: экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Кірыл Бадзей дае паказанні супраць Віктара Бабарыкі
2020.07.09 23:04
  • Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку», яны цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Віктару Бабарыка выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 235 («адмыванне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2. арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару паўторна ў асабліва буйным памеры) КК Беларусі. Эдуарда Бабарыку вінавацяць паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
  • За шэсць дзён да затрымання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Адначасова старшыня КДК Іван Тэртэль распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Тэртэль адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці». На той момант ніякага працэсуальнага статуса ў гэтай справе Бабарыка яшчэ не меў.
  • Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязнямі сумлення. Беларуская праваабарончая супольнасць таксама прызнала палітвязнямі фігурантаў «справы Белгазпрамбанку» Святлану Купрэеву, Дзмітрыя Караку, Алену Карагачову і Уладзіміра Дударава.
Стужка навінаў