Напярэдадні пікету прадстаўніцы аб’яднанага штабу распавялі, што афіцыйна атрымалі адмову ад гарадскіх уладаў на правядзенне акцыі ў парку Дружбы народаў. Яны абвесцілі, што маюць намер наведаць акцыю гарадскіх уладаў у Кіеўскім скверы. Зварот Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы распаўсюдзілі ў Telegram-канале «Пул первой».
Падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская падала заяўкі на правядзенне агітацыйных пікетаў. На 6 жніўня быў запланаваны вялікі канцэрт у парку Дружбы народаў. Але за некалькі дзён да акцыі сталічныя ўлады заявілі, што ў гэты час у парку будзе іншае мерапрыемства, таму агітацыйны пікет забаранілі. Замест гэтага аб’яднаны штаб выказаў намер наведаць Кіеўскі сквер, дзе таксама адбывалася акцыя ўладаў, прысвечаная дадатковай адукацыі. Чытайце наш онлайн з мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў і ў Кіеўскім скверы.
21:35 Пікет скончыўся, людзі разыходзяцца. Пакуль вядома толькі пра двух затрыманых. Паглядзіце, як было на пікеце ў самы пік.
21.15 Міліцыянты затрымалі дыджэяў, якія ўключылі «Перемен» у Кіеўскім скверы! Дзе яны зараз – невядома.
21.00 У Кіеўскім скверы застаюцца некалькі сотняў чалавек. Людзі пляскаюць у далоні, скандуюць «Пераменаў!»
20.43 Людзі з Кіеўскага скверу рушылі шэсцем па вуліцах Менску.
А 20:30 да Кіеўскага скверу пад’ехала Вераніка Цапкала. Яна прайшлася па вуліцы Кахоўская.
«У мяне двое дзяцей. Сёння дзень дадатковай адукацыі, мне было цікава паглядзець на гэтае свята», – кажа Вераніка Цапкала. Потым яна дайшла да аўто і зʼехала.
20.27 Марыю Калеснікаву не пусцілі ў сквер. За ёй пайшлі людзі, праводзілі яе да аўтамабіля і скандавалі «Малайчына!», «Жыве Беларусь».
Калеснікава папрасіла людзей не парушаць закон.«Мы сёння не праводзім ніякіх мерапрыемстваў. Калі ласка, мірна разыдзіцеся. Дзякуй, усіх люблю», – сказала Калеснікава.
20.25 Тысячы людзей не змяшчаюцца ў скверы. Людзі скандуюць «Сыходзь!»
20.15 Марыю Калеснікаву не прапусцілі праз КПП. Яна спрабуе прайсці праз іншы ўваход, але і там яе спыніў мужчына ў цывільным і штосьці тлумачыць. Калеснікаву суправаджае некалькі асобаў са штабу, а таксама адвакат Ілля Салей. Праз іншы КПП яе таксама не пусцілі, яна пайшла да КПП каля ўваходу ў кінатэатр. Пра гэта піша Тэлеграм-канал «Быборы видишь?»
Да кінатэатру пад’ехалі тры аўтазакі і тры мікрааўтобусы.
20.05 Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вікторыя Цапкала падыходзяць да скверу.
20.00 У скверы сабраліся мора людзей. Людзі ўсе яшчэ прыбываюць.
19.50 У Telegram-каналах паведамляюць, што ў сквер неўзабаве прыедзе Святлана Ціханоўская.
19.45 У скверы сабраліся каля 5 тысячаў чалавек. Людзі скандуюць «Свабоду!»
На пляцоўцы з’явіўся Аляксандр Саладуха. Людзі сустрэлі яго крыкамі «Ганьба!»
19:20 «Я даўно працую ў палацы і не хацеў сыходзіць. Але я павінен быў зрабіць выбар», – кажа Кірыл Галаўноў, гукач Палацу дзяцей і моладзі. «Мы разумеем, што гэта мерапрыемства – следства несумленнай прэзідэнцкай гонкі», – кажа Уладзь Сакалоўскі, таксама гукач Палацу дзяцей і моладзі.
19.07 Распачаліся праблемы з сувяззю. Стрымы перарываюцца. Застаецца толькі тэлефонная сувязь. У скверы цяпер сабраліся тысячы чалавек.
19.00 Загучала песня Віктара Цоя «Перамен». Паставілі кампазіцыю працаўнікі Палацу моладзі. Яны прызнаюць, што пасля гэтага іх могуць звольніць, але яны жадаюць пераменаў.
18.45 У Кіеўскім скверы збіраюцца людзі. Цяпер на пляцоўцы даволі шматлюдна. Улады перагарадзілі ўваходы. Шмат міліцыі, аўтазакі, бусы. Прыбы кіраўнік Менскага АМАПу Дзмітрый Балаба.
18:00 Амаль ніхто не размаўляе з журналістамі. Некаторыя кажуць, што ім забаранілі даваць каментары. Частка кажа, што яны служылі ў войску і Дзень чыгуначных войскаў – іх улюбёнае свята.
Пад’ехаў мужчына на ровары і па-ангельску спытаў, чаму на мерапрыемстве няма Ціханоўскай, а шмат вайскоўцаў. У параўнанні з пікетамі, якія ладзіць аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай, у парку амаль няма людзей.
17:30 У парк прыходзяць людзі, у асноўным – жанчыны сярэдняга ўзросту і маладыя хлопцы. Усе кучкуюцца ў цяньку пад дрэвамі. Таксама групамі ходзяць вайскоўцы. Грае гімн чыгуначных войскаў. На ўваходзе вельмі падрабязна даглядаюць.
Шмат супрацоўнікаў АМАП і сілавікоў у цывільным.
СК belsat.eu