Сустрэчныя баі і лакальныя змены на фронце. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 676-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 31 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі каля лініі фронту ў Данецкай вобласці. 29 снежня 2023 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі каля Сынькоўкі ў Купянскім раёне: Генеральны штаб ЗСУ піша пра восем няўдалых атак праціўніка, Міністэрства абароны РФ – пра чатыры безвыніковыя атакі адпаведна.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што на купянскім кірунку ЗСУ контратакавалі каля Арлянкі і мелі частковы поспех.

На ліманскім кірунку ўзнавіліся баявыя дзеянні каля Макееўкі ў Луганскай вобласці. Украінскі бок паведамляе пра дзве адбітыя атакі праціўніка. Паводле Пегава, на гэтым участку фронту Узброеныя сілы РФ намагаюцца адрэзаць плацдарм ЗСУ на левабярэжжы ракі Жарабец. Пакуль пазіцыі бакоў застаюцца нязменнымі.

Аналітыкі праекту «Deepstate» гавораць, што таксама расейцы атакавалі на захадзе ад сяла Дзіброва і дасягнулі частковага поспеху. ЗСУ контратакуюць, імкнучыся вярнуць страчаныя пазіцыі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё дзевяці атак праціўніка на бахмуцкім кірунку каля Багданаўкі, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што расейцы прарвалі абарону ЗСУ ў Багданаўцы, але самога паселішча не захапілі, бо сілам абароны Украіны ўдалося стабілізаваць сітуацыю.

Сямён Пегаў называе прасоўванні ў Багданаўцы тактычным поспехам.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ заяўляюць пра ўкраінскія атакі каля Багданаўкі, што ўказвае на вядзенне ЗСУ актыўнай абароны.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» паведамляе, што Збройныя сілы Украіны адкінулі праціўніка з часткі пазіцыяў на захадзе Хромава і самыя замацаваліся на іх. Таксама крыніца адзначае захаванне кантролю ЗСУ над вышынямі ў ваколіцах Клішчыеўкі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку адзначаецца зніжэнне наступальнай актыўнасці войскаў РФ, але яны па-ранейшаму валодаюць ініцыятывай.

Паводле ўкраінскага камандавання, на аўдзееўскім кірунку за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі прынамсі 18 атак праціўніка каля Стэпавога, Аўдзееўкі, Первамайскага і Невельскага.

На суседнім, мар’інскім кірунку Генеральны штаб ЗСУ фіксуе восем няўдалых атак расейцаў каля Новаміхайлаўкі і ўласна Мар’інкі.

У гэты ж час байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць пра моцны накат праціўніка на Новаміхайлаўку з усіх відаў зброі, акрамя гэтага, адзначаюцца баі каля Пабеды – паўсюль украінскі бок удала трымае абарону.

Бярдзянскі і мэлітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На сутыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў узнавіліся баі каля Прыютнага: украінцы гавораць пра дзве безвыніковыя атакі праціўніка, расейцы – пра адну няўдалую атаку ЗСУ.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці Узброеныя сілы РФ наступаюць каля Вэрбовага і на ўсходзе ад Капаняў (паселішчы на поўдні ад Арэхава). Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» мяркуе, што актывізацыя войскаў РФ звязаная з перакіданнем рэзерваў ЗСУ на бахмуцкі і аўдзееўскі кірункі.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.

Генштаб ЗСУ піша пра 13 няўдалых штурмаў з боку праціўніка.

Ваенкар Пегаў гавораць пра безвыніковую спробу ўкраінцаў пасля артпадрыхтоўкі прарвацца да сяла Пойма.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў