Памёр апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў


30 жніўня на 92-м годзе жыцця памёр апошні кіраўнік Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў. Пра гэта ТАСС паведамілі ў маскоўскай Цэнтральнай клінічнай больніцы.

Міхаіл Гарбачоў ў 1989 годзе ў Нямеччыне.
Фота: Sepp Spiegel / Ropi / Zuma Press / Forum

«Сёння ўвечары пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў», – сказалі ў ЦКБ.

Паводле крыніцаў ТАСС, Гарбачоў быў шпіталізаваны ў 2020 годзе, у самым пачатку пандэміі каронавіруса на патрабаванне дактароў.

Апошняга кіраўніка СССР пахаваюць на Новадзявочых могілках у Маскве, у сямейным пахаванні побач з жонкай Раісай.

Міхаіл Гарбачоў нарадзіўся 2 сакавіка 1931 года ў Стаўрапольскім краі Расеі. Уступіў у КПСС у 1952 годзе, з 1971 года быў чальцом ЦК. У 1985 годзе яго абралі апошнім генеральным сакратаром ЦК КПСС. Гарбачоў стаў галоўным ідэолагам галоснасці і перабудовы. У 1990 годзе быў абраны першым прэзідэнтам СССР, але склаў з сябе паўнамоцтвы 25 снежня 1991 года. Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1990 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў