Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Славакіі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі


Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Міраславам Влахоўскім падчас штогадовага міжнароднага форуму глабальнай бяспекі GLOBSEC у Браціславе.

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Міраславам Влахоўскім.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас сустрэчы Ціханоўская і Влахоўскі абмеркавалі сітуацыю з палітычнымі вязнямі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, прыцягненне вінаватых да адказнасці і незаконнае размяшчэнне ядравай зброі. Таксама палітыкі абмеркавалі магчымасці рэабілітацыі для беларускіх добраахвотнікаў і беларускіх ветэранаў у Славакіі.

«Выдатная дыскусія з лідарам беларускіх дэмакратычных сілаў Ціханоўскай на GLOBSEC. Славакія не забываецца пра беларускі народ. Яны заслугоўваюць нашай поўнай падтрымкі ў барацьбе за дэмакратыю. МЗС Славаччыны працягвае #StandWithBelarus», – напісаў міністр па выніках сустрэчы.

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Міраславам Влахоўскім.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Міністр звярнуў увагу, што Славакія была адной з ініцыятарак расследавання супраць рэжыму Пуціна ў Міжнародным крымінальным судзе за вываз украінскіх дзяцей. Дамовіліся далучыць да справы і новыя факты, выкладзеныя ў справаздачы НАУ, па саўдзеле Лукашэнкі ў гэтым злачынстве.

Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць кансалідаванай стратэгіі па вырашэнні крызісу ў Беларусі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў