Доналду Трампу выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе


Доналд Трамп стаў першым у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, супраць якога распачалі крымінальную справу. Згодна з высновамі журы прысяжных Мангэтана, былому прэзідэнту выставілі абвінавачанне з больш як 30 пунктаў, звязаных з бізнес-махлярствам, паведамляе «The New York Times».

Доналд Трамп.
Фота: Москва 24/Ігар Іванко

«Офіс акруговага пракурора пацвердзіў, што Трампу выставілі абвінавачанне і што пракуратура звязалася з ягоным адвакатам, каб узгадніць выдачу палітыка», – піша выданне.

Чакаецца, што Трампу будзе прапанавана добраахвотна здацца ўладам. Ён назваў выстаўленыя супраць яго абвінавачанні «палітычным пераследам» і ўмяшаннем у выбары на найвышэйшым за ўсю гісторыю ўзроўні.

Абвінавачанне 76-гадоваму палітыку звязанае з плацяжамі, зробленымі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года. У цэнтры абвінавачанняў – плацеж на 130 тысяч долараў, прызначаны порназорцы Стормі Дэньелз (Stormy Daniels) за маўчанне аб сувязях з былым прэзідэнтам. Сцвярджаецца, што плацеж зрабіў адвакат на даручэнне Трампа. Палітыка абвінавачваюць у тым, што гэты плацеж нібыта быў аформлены як «выдаткі на палітычную кампанію», што можна кваліфікаваць як махлярства. Экс-прэзідэнт адмаўляе сувязь з Дэньелз і свае адносіны да атрыманых ёю выплатаў.

У сярэдзіне сакавіка Трамп паведаміў, што чакае арышту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў