Жыхара Віцебску пакаралі 1,5 гадамі калоніі за тры каментары, напісаныя ў 2021 годзе


Першамайскі раённы суд Віцебску засудзіў мужчыну на пазбаўленне волі і даў вялікі штраф за тры каментары ў інтэрнэце аб працаўніках міліцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як вынікае з прэс-рэлізу Віцебскага абласнога суда, абвінавачаны размясціў тры каментары ў «экстрэмісцкай групе» ў Telegram амаль два з паловаю гады таму – 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года. Пры гэтым ён у той момант быў на тэрыторыі Нямеччыны. Гэтыя каментары, як сцвярджае суд, утрымлівалі ненарматыўную лексіку і абражалі «кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў».

Як зазначаецца ў прэс-рэлізе, абвінавачаны ў кастрычніку 2023 года прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці нібыта за здзяйсненне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. То бок, хутчэй за ўсё, спачатку чалавек быў затрыманы паводле адміністратыўнай справы, а потым адразу прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле арт. 369 КК, яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 1,5 года калоніі агульнага рэжыму і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (каля 4000 рублёў). Акрамя таго, з абвінавачанага спагнаная «кампенсацыя маральных стратаў» на карысць трох сілавікоў на агульную суму 5500 рублёў.

На 31 студзеня ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі трымаюць 1429 чалавек, якія былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў