Сустрэчныя баі на розных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 707-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 31 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты дэсантна-штурмавых падраздзяленняў ЗСУ ўдзельнічаюць у вучэннях у Жытомірскай вобласці, Украіна. 30 студзеня 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На поўначы ад гораду Купянск у Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, пра што паведамляюць украінскае і расейскае камандаванні. Пры гэтым ніводны з бакоў канфлікту не фіксуе зменаў на гэтым участку фронту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што падобная сітуацыя назіраецца і на ўсходзе ад раённага цэнтру каля сёлаў Крухмальнае, Табаеўка, Бераставое і Кіслоўка.

Іншыя крыніцы адзначаюць, што апошнія два населеныя пункты цалкам кантралююцца ЗСУ (Крухмальнае і Табаеўка занятыя войскамі РФ).

На суседнім ліманскім кірунку абодва бакі атакуюць каля сёлаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці (так званы торскі выступ на левым беразе ракі Жарабец). Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі цягам апошніх содняў. Акрамя гэтага крыніца фіксуе няўдалую атаку праціўніка каля сяла Кузьмыно на Луганшчыне.

Сямён Пегаў сцвярджае, што расейскія вайскоўцы наступалі каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці і занялі некалькі новых пазіцыяў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шасці атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка і Клішчыеўка на захадзе і поўдні ад Бахмуту адпаведна.

Між тым расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што УС РФ крыху прасунуліся да Клішчыеўкі і на захадзе ад Хромава (населены пункт каля заходніх ускрайкаў Бахмуту). Пры гэтым у Багданаўцы сітуацыя застаецца адносна стабільнай.

Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на бахмуцкім кірунку, пішуць пра максімальна складаную сітуацыю каля Іванаўскага (паўднёвы захад ад раённага цэнтру). Падрабязнасці не распавядаюцца, але вядома, што толькі за мінулыя содні тут сілы абароны краіны знішчылі тры танкі праціўніка.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ фіксуецца і ў ваколіцах Данецку.

Паводле ўкраінскага камандавання, на аўдзееўскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі 26 атак у ваколіцах аднайменнага гораду, а таксама яшчэ 11 – побач з Первамайскім і Невельскім.

Пры гэтым Рожын сцвярджае, што УС РФ крыху прасунуліся ў прыватным сектары з усходу ад тэрыкону (у ваколіцах коксахімічнага заводу). Акрамя гэтага ваенны эксперт фіксуе сустрэчныя баі каля Стэпавога (паўночны захад ад Аўдзееўкі).

Гэтую інфармацыю пацвярджае Сямён Пегаў. Таксама ваенкор піша пра контратакі ЗСУ на паўднёва-ўсходніх ускрайках Аўдзееўкі.

Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе пра поспехі войскаў РФ на апошнім участку: тут яны прасунуліся на некалькі сотняў метраў каля мясцовага кар’еру, а таксама занялі ўчастак дарогі з усходу ад умацаванага раёну «Царська охота» (на месцы былога рэстаранна-гасцінічнага комплексу з аднайменнай назвай).

На мар’інскім кірунку Генштаб ЗСУ адзначае 16 безвыніковых атак расейцаў каля населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Барыс Рожын паведамляе пра невялікае прасоўванне УС РФ на ўскрайках Георгіеўкі.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На бярдзянскім кірунку фіксуюцца сустрэчныя баі з поўдня і поўначы ад гораду Вуглядар. Пры гэтым зменаў лініі фронту не адзначаецца.

На самы ўсходзе мелітопальскага кірунку войскі РФ прасунуліся ў так званай шэрай зоне на поўначы ад сяла Прыютнае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

Канал «Два майора» сцвярджае, што прасоўванне адбылося на ўчастку фронту шырынёй да 2,1 кіламетра на глыбіню да 500 метраў.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі: Генштаб ЗСУ піша пра 15 няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў