Вось-вось адыдзе 2023 год. Чым ён нам запомніўся і як паўплываў на нашае жыццё? Якія падзеі найбольш значныя? «Белсат» задаў гэтыя пытанні Офісу Святланы Ціханоўскай, знакамітым у сваіх галінах дзеячам, беларусам за мяжой і ў краіне, нашым чытачам і гледачам. Што нам адказалі – чытайце ў матэрыяле. Нас уразіла розніца паміж сказаным суразмоўцамі за мяжой і ў Беларусі.
Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай:
«З найважнейшага можна вылучыць распрацоўванне праекту Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі, а таксама чатырох праектаў законаў у дапаўненне і развіццё праекту Канстытуцыі Новай Беларусі. Акрамя таго, была распрацаваная і вынесеная на грамадскае абмеркаванне Канцэпцыя кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Лукашэнкі.
Адбылася Другая канферэнцыя беларусаў свету, у якой узялі ўдзел дыяспары з амаль 30 краінаў.
Разам з палком Каліноўскага была праведзеная канферэнцыя «Шлях да Волі» і Беларуска-ўкраінскі форум Астрожскага ў Львове. Супольна з Каардынацыйнаю радаю былі праведзеныя слуханні наконт вызвалення палітычных вязняў.
Мы абаранялі правы беларусаў за мяжою. Літоўскі Сейм адхіліў праўкі, якія ўраўноўваюць абмежаванні супраць беларусаў і расейцаў. Пасля кампаніі дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Латвіі не прынялі абмежаванняў супраць аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. У Эстоніі, Чэхіі, Латвіі, Швецыі часткова аднавіўся прыём беларускіх студэнтаў на навучанне.
У 2023-м адбыўся Стратэгічны дыялог з ЗША, а таксама была створаная Кансультатыўныя група з Еўразвязам.
Пачалі распрацоўваць новы беларускі пашпарт: гатовы дызайн, пачаліся кансультацыі з замежнымі ўрадамі пра статус пашпарта і яго прызнанне.
Офіс Святланы Ціханоўскай браў удзел у Марафоне салідарнасці, зарганізаваным беларускімі незалежнымі медыямі і дэмакратычнымі сіламі. У яго межах сабралі больш за паўмільёна еўраў дапамогі.
Пры падтрыманні дэмакратычных сілаў Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект, які пашырае правы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне».
Андрэй Стрыжак, кіраўнік дабрачыннага фонду «BYSOL»:
«З самых знакавых падзеяў магу вылучыць наступныя:
Аляксей Лявончык, кіраўнік фонду «BY_help»:
«Для мяне найбольшае значэнне мелі зборы для Віталя Тысева і Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», якія паказалі, што нават у сітуацыі глыбокага дна, у якой мы цяпер ёсць, усё адно салідарнасць застаецца, і для мяне гэта вельмі вялікі знак.
З важнага канкрэтна для нас – мы змаглі запусціць і зрэалізаваць самую вялікую праграму дапамогі палітвязням за мяжой і ў краіне. Гэта вельмі крута, гэта паказвае, што замежныя партнёры нас разумеюць, што нельга кідаць Беларусі, трэба працягваць падтрымліваць людзей, якія пацярпелі».
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:
«Для мяне падзеі года сёлета наступныя.
Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння:
«Назаву галоўныя падзеі, якія сёлета мелі значэнне для беларускай культуры і нацыянальнага адраджэння. На жаль, не ўсе яны са знакам плюс. І першая з іх – узмацненне рэпрэсіўнай палітыкі і русіфікацыі на тэрыторыі нашай краіны. І як сімвал гэтых працэсаў – выключэнне твору Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы.
Таксама са знакам мінус – замена геаграфічных назваў з беларускай лацінкі на расейскую мову. Гэта тое, што ў публічнай прасторы было важным сімвалам нашай незалежнасці і казала чалавеку, у якой ён прасторы.
Гэты год быў вельмі складаным для беларускай культуры, але і вельмі плённы. Наш народ, нашыя творцы імкнуліся зрабіць пераасэнсаванне таго, што з намі адбылося. Мы сталі сведкамі гістарычных падзеяў у нашай культуры. Напрыклад, выдання кніг Святланы Алексіевіч у аўдыяфармаце на беларускай мове ў рамках ініцыятывы «Кніжны воз». Што тут вельмі важна – гэтыя кнігі даступныя для беларусаў у Беларусі.
Яшчэ адна гістарычная падзея – прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» беларускага Свабоднага тэатру ў Лондане ўвосень. Гэтая падзея апавяла свету пра Беларусь і беларускую культуру, а таксама паказала магчымасць супрацы беларускіх творцаў і зорак украінскай опернай сцэны. Агулам хачу адзначыць працу беларускіх тэатраў у выгнанні. Насуперак усяму адбываюцца прэм’еры, спектаклі. Хачу падзякаваць рэжысёрам і акторам за тое, што беларускі тэатр жыве.
Для майго прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету важнаю падзеяй сталася прэзентацыя Стратэгіі нацыянальнага адраджэння некалькі тыдняў таму. Гэты дакумент – наш компас, які будзе паказваць, куды мы хочам прыйсці як краіна і якім народам хочам быць.
Я спадзяюся, атрыманая навука гэтага і папярэдніх гадоў прывядзе да ўсплёску, да сапраўднага выбуху ў культуры ў 2024 годзе, які АПК абвесціў Годам традыцыі».
Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў:
«Я бачу такія асноўныя падзеі рознага характару:
Аляксандр Фрыдман, палітолаг:
«Калі казаць пра дэмакратычную супольнасць Беларусі, то я б вылучыў дзве падзеі, і абедзве – дрэнныя. Першая – гэта прысуд Алесю Бяляцкаму. Так, Бяляцкі – адзін са шматлікіх палітвязняў, але гэта гістарычны прысуд у тым сэнсе, што да турэмнага пакарання асудзілі нобэлеўскага лаўрэата, і свет не здолеў з гэтым нічога зрабіць.
Другая падзея – смерць Алеся Пушкіна. Нам нельга забывацца пра гэтую жахлівую гісторыю.
Агулам гэта быў досыць добры год для дыктатуры і Лукашэнкі. Але была і надзвычайная падзея – травеньская гісторыя з ягонаю хваробаю, калі ён знік і распаўсюджваліся розныя чуткі. На мой погляд, гэта важная падзея, бо на маёй памяці людзі першы раз пабачылі такога знямоглага Лукашэнку. Так, ён ачуняў, але гэта ўсё прадэманстравала, што і гэтая дыктатура нейкім чынам калісьці скончыцца. То бок гэта важна з сімвалічнага пункту гледжання.
Яшчэ трэба, вядома, згадаць падзеі ў Мачулішчах. Хоць гэтая гісторыя пакуль цалкам не высветленая, мы толькі кавалкамі яе ведаем, дый тая інфармацыя супярэчлівая, але ў любым выпадку гэта вельмі важная падзея ў кантэксце вайны.
Калі браць рэгіянальны кантэкст, то тут нічога не змянілася за год: гэта вайна ва Украіне. Яна застаецца галоўнаю падзеяй, якая, безумоўна, уплывае на становішча ў Беларусі.
Калі казаць пра падзеі ў свеце, то я б назваў падзеі 7 кастрычніка і напад «Хамасу» на Ізраіль ды вайну, якая пасля пачалася і працягваецца ды ў якой па-ранейшаму ёсць перспектывы ператварыцца ў сусветную. Паколькі свет у нас сёння глабальны, то любыя падзеі так ці інакш уплываюць на іншыя краіны. Беларусь наўпрост у гэтую вайну не ўцягнутая. Але ўцягнутая Расея, якая стаіць, відавочна, на арабскім баку. І калі будзе сусветная вайна, Беларусь будзе ў яе ўцягнутая».
«Аб’яднанне беларусаў за мяжой. У краіне, дзе я жыву, я адчуваю гэта».
«Марафон салідарнасці».
«Праблемы з пашпартамі і дакументамі ўвогуле».
«Марафон, збор грошай на аперацыю беларуса ў Нямеччыне, удалыя зборы для людзей у патрэбе, спектаклі купалаўцаў, новыя кнігі. Ну і ўся чэрнь з боку ўладаў Беларусі, што значна пагаршаюць жыццё беларусаў як унутры, так і за мяжою».
«Незапланаваная эміграцыя».
«Негатыўныя падзеі – размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, катавасія з Прыгожыным, з пашпартамі і даверанасцямі. Пазітыўныя – марафон, агулам салідарнасць, у тым ліку ў Беларусі».
«Фінансаванне беларускіх школак выходнага дня не толькі ў Польшчы, але і ў Грузіі, і ў Літве».
«Нічога не адбывалася. Усё стабільна кепска і добрага не чакаю».
«За навінамі даўно не сачу. Усе мае важныя падзеі – у маёй сям’і. Сын пайшоў у 4-ы клас. Атрымалася вырвацца да мора – у Егіпет, за касмічны кошт. Хацелася ў Еўропу, але візы не атрымаць. Летась было страшна, калі самалёты над дахам лёталі. Гэты год, дзякуй Богу, спакайнейшы, усе спадзяёмся, што і наступны будзе такі ж і што ўвогуле ўсё наладзіцца ўрэшце».
«Самая важная падзея, якая моцна паўплывала на мяне, – цяжкасці з атрыманнем візы. Я працую ў Польшчы, прыехаў у Беларусь зрабіць новую візу і захрас, ніяк не магу запісацца на падачу дакументаў нават праз фірму-пасярэдніка».
«Выйшла на пенсію, адчула, як усё дорага ў нас стала. Цэны растуць штодня, дый не заўсёды ў крамах ёсць што трэба».
«Самае галоўнае – мы здолелі захаваць і нават развіць нашую справу. Засмучае толькі, што раней бы мы паўсюль апавядалі пра нашыя дасягненні, а цяпер даводзіцца маўчаць і ладзіць захады так, каб не прыцягваць да сябе ўвагі. Праз гэта мы вельмі перажывалі за нашую будучыню, але аказалася, тое, што мы робім, трэба людзям, і яны знаходзяць нас нават без рэкламы – цудоўна працуе сарафаннае радыё».
«Самае значнае – гэта вайна. Не недзе, не калісьці, а побач і цяпер, так ці інакш, але церпяць усе».
«Адчуванне, што ўдома мы ўжо не ўдома».
«Агулам нічога не было значнага ў гэтым годзе. Ці сталася з’яўленне ўраду ў выгнанні дзейнаю рэччу, мы даведаемся толькі праз доўгі час. Я б яшчэ сказала, што з’яўленне новых пашпартоў для нацыі ў выгнанні, але яны толькі ў наступным рэальна стануць пашпартамі, а не праектам».
«З мінусаў – гэта мёртвы пункт па палітвязнях, ізаляванне самых папулярных. З плюсаў – праца над новым пашпартам, канферэнцыя ў Кіеве з удзелам «радыкалаў» і «кветачнікаў».
«Закон пра адмену абмену пашпартоў за мяжой. У першую чаргу гэта кажа пра тое, што рэжым баіцца беларусаў, асабліва за мяжой. Але шмат хто з нас проста возьме грамадзянства краіны пражывання і актыўных беларусаў стане менш».
«Саня застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на ўсе прагнозы».
«Збор грошай для палітзняволеных і іхных семʼяў».
«Зачыненыя пераходы на мяжы, смерць Алеся Пушкіна».
«Завоз ядравай зброі»
«Канферэнцыя ў Кіеве – без варыянтаў».
Ганна Ганчар belsat.eu