Каго баіцца Лукашэнка? Падбіраем строй на Гэлаўін


Полк Каліноўскага, Ціханоўская і «беглыя», «змагары» і «пятая калона», NATO і «калектыўны Захад», паглыбленне інтэграцыі, касцёл… «Белсат» абмеркаваў з Вадзімам Мажэйкам, што з гэтага напраўду пужае Лукашэнку.

Касцюм на Гэлаўін, якім можна паспрабаваць напужаць Лукашэнку
Касцюм на Гэлаўін, якім можна паспрабаваць напужаць Лукашэнку. Калаж: Charles Parker / Pexels / Белсат

Гэлаўін – свята родам з Шатландыі і з каранямі ў кельцкім паганстве. Спачатку ў ноч перад Днём усіх святых шатландскія дзеці хадзілі па дамах у строях і выпрошвалі цукеркі, але не спрабавалі напужаць тых, да каго завітвалі. У першай палове XX стагоддзя ў ЗША свята трансфармавалася, да яго масава далучыліся дарослыя рознага паходжання – і з часам Гэлаўін стаў асацыявацца найперш з жудзікамі.

У Беларусі да нядаўняга часу такой традыцыі не было: касцюмы і маскі – гэта ж на Каляды, а ў час кельцкага Гэлаўіну – восеньскія Дзяды, толькі яны не перад Днём усіх святых, а на наступны дзень, і калядавання не прадугледжваюць. Ды хоць праўладныя прапагандысты змагаюцца з Гэлаўінам, у народзе палюбілі традыцыю страшных строяў за два дні да Дзядоў.

А які гэлаўінскі касцюм быў бы найстрашнейшым для Аляксандра Лукашэнкі? Пра гэта «Белсат» спытаўся ў рэдактара «Беларускага штогодніка» Вадзіма Мажэйкі.

Лукашэнка баіцца страціць уладу

Страх згубіць уладу – натуральны для аўтарытарных лідараў, разважае Мажэйка. Маўляў, чаго не баішся згубіць, з тым гатовы лёгка расстацца, а аўтакраты «трымаюцца за ўладу сінімі пальцамі», «любімую не аддаюць». Параноя – «прафесійнае захворванне дыктатараў».

«Нават калі б зыходзіць з ягоных асабістых інтарэсаў, Лукашэнку мела б сэнс у 2020 годзе сысці, – разважае Мажэйка. – І нармальна б яму дазволілі на нейкіх добрых умовах з улады сысці, калі б ён быў гатовы ўладу перадаць».

Лукашэнка, працягвае аналітык, прызвычаіўся размаўляць з усімі з пазіцыі сілы, таму мусіць баяцца застацца безабаронным. Адсюль атачэнне сябе аховай, якая «пераўзыходзіць усе разумныя маштабы», і хаджэнне з аўтаматам (хай нават без ражка) і ўзбройванне малодшага сына падчас пратэстаў 2020 года.

Зразумелы і страх аўтакратаў згубіць уладу гвалтоўным шляхам. Мажэйка нагадвае пра лёс лівійскага дыктатара Муамара Кадафі – ніхто не хацеў бы апынуцца на ягоным месцы.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Лукашэнка не з тых, хто скажа: «Як памру, рабіце, што хочаце», лічыць Мажэйка. Суразмоўца згадвае: Лукашэнка сам шмат разоў прагаворваў страх таго, што ягоная палітычная сістэма не стане падмуркам будучыні Беларусі, а застанецца «шляхам у нікуды», ад якога хутка пазбавяцца і пойдуць далей, а палітычныя нашчадкі зробяцца маргіналамі. Адсюль жаданне Лукашэнкі не толькі захаваць сваю ўладу, але і зрабіць сістэму бясконцай, адсюль і каркас палітычнай сістэмы, логіка прыняцця рашэнняў.

Камплект касцюмаў № 1. Полк Каліноўскага і беларускія добраахвотнікі ва Украіне

Сілавікі Лукашэнкі рыхтуюцца да атакі палка імя Кастуся Каліноўскага і іншых фармаванняў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, а таксама харугваў Паспалітага рушання, якія трэнуюцца ў Літве і Польшчы. Прынамсі, так выглядае са словаў і дзяржаўных закупак: чакаюць калі не маштабнага наступу, дык як мінімум дыверсантаў. Раней Лукашэнка некалькі разоў запэўніваў у публічных выступах, што яму не страшны полк Каліноўскага. Але нядаўна нават само словазлучэнне «полк Каліноўскага» залічылі да «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушання. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Мажэйка лічыць, што Лукашэнка ўсё ж баіцца «каліноўцаў», але гэта таму, што «ў страху вочы вялікія» – у вачах Лукашэнкі праблема перабольшваецца. Беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ўсё ж не так шмат, каб проста зараз ісці супраць усіх сілавікоў Лукашэнкі, ды і яны ў складзе Збройных сілаў Украіны, а Украіна не зацікаўленая распачынаць вайну супраць Беларусі. Да таго ж і прадстаўнікі палка Каліноўскага, і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сферы абароны Валерый Сахашчык не кажуць, што гвалтоўная змена ўлады ў Беларусі магчымая проста зараз. Лукашэнка мог бы і не звяртаць увагі на полк Каліноўскага, але ў выніку сам надае ім больш вагі.

Камплект строяў № 2. Ціханоўская, «беглыя», «змагары» і «пятая калона»

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ўжо больш за тры гады. Вулічных пратэстаў даўно не было, а затрыманні і суды з палітычных прычынаў працягваюцца штодня. Нават завочна судзяць палітычных апанентаў, якія эмігравалі з Беларусі. Лукашэнка перыядычна ўжывае фразу «пятая калона» – так у час грамадзянскай вайны ў Іспаніі называлі агентуру франкістаў у гарадах пад кантролем рэспубліканцаў, пазней выраз стаў ужывацца да любога ўнутранага ворага.

Святлана Ціханоўская выступае з прамовай на Катэдральнай плошчы, дзе сабраліся беларусы ў трэцюю гадавіну выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Мажэйка кажа, гэта хутчэй не страх, а злосць і помста. Тое ж пазбаўленне права памяняць беларускі пашпарт за мяжой – не ад страху, а з жадання нашкодзіць, калі можаш. Найвялікшы страх у жыцці Лукашэнкі быў у час выбараў-2020, калі яго маглі пазбавіць улады. Цяпер жа шмат апанентаў у няволі, шмат у эміграцыі – ва ўяўленні Лукашэнкі, Святлана Ціханоўская і іншыя, хто па-за Беларуссю, мала што яму могуць зрабіць.

А можа, рэпрэсіі супраць каталікоў значаць, што Лукашэнка баіцца касцёлу? Мажэйка кажа, сітуацыя такая, што ўсё ж каталікам варта баяцца Лукашэнку, а не наадварот. Ватыкан і Касцёл як інстытуцыя хвалююцца за каталікоў і іхныя правы ў Беларусі, гатовыя ісці на нейкія саступкі Лукашэнку і спрабаваць яго залагодзіць, а ўлады Беларусі карыстаюцца гэтым дзеля размарожвання кантактаў з Еўропай, шантажуюць Ватыкан. А калі Ватыкан «вядзецца на шантаж», то чаму б Лукашэнку не працягваць рэпрэсаваць каталікоў, каб ціснуць на Ватыкан?

Камплект строяў № 3. NATO, «калектыўны Захад», санкцыі і інтэграцыя з Расеяй

Калі паслухаць Лукашэнку, дык наўкол ворагі: войскі NATO былі гатовыя ўвайсці ў Беларусь, «калектыўны Захад» зычыць толькі зла і не спыняе спробаў расхістаць Беларусь, пад выглядам санкцыяў вядзецца эканамічная вайна… А ў канцы 2018 года, са словаў Лукашэнкі, яшчэ і Расея спрабавала шантажаваць, «нахіляць» і «станавіцца каленам на грудзі» – тады патрабаванні ў «паглыбленні інтэграцыі» называлі «ўльтыматумам Мядзведзева».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фінскія вайскоўцы перадаюць інфармацыю амерыканскай авіяцыі падчас вучэнняў «Dynamic Front 2022». Графэнвёр, Нямеччына. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

У гэтым, заўважае Мажэйка, ёсць элемент гульні на публіку. Расеі Лукашэнка прадае абяцанні пакласціся касцьмі пад натаўскія танкі – у абмен на гэтыя абяцанні Крамлю трэба падтрымліваць Беларусь. Але і з дзеянняў вынікае, што Лукашэнка можа ў нейкай ступені баяцца сцэнару, у якім полк Каліноўскага захоплівае нейкі райцэнтр, а яму на дапамогу прыходзяць войскі NATO. Калі пагрозу з боку NATO Лукашэнка перабольшвае, то пагрозу з боку Расеі недаацэньвае, мяркуе суразмоўца. А, можа, Лукашэнка адэкватна ацэньвае расейскую пагрозу яму самому, але яму не хапае смеласці рабіць захады, адэкватныя пагрозе.

Камплект строяў № 4. Хваробы і старасць

Пра здароўе Лукашэнкі вядома вельмі мала, але рэгулярна з’яўляюцца чуткі пра ягоную шпіталізацыю, а тое і смерць. Чуткі аб тым, што Лукашэнка атачыў сябе дактарамі, з’яўляюцца нячаста, ды на «прэзідэнцкую клініку» выдаткавалі больш за 100 млн еўраў. Як стала вядома з расследавання BELPOL, у новым палацы Лукашэнкі пакоі дактароў будуць, але вялікую частку палацу займае спа-зона – не столькі лякарня, колькі санаторый з раскошнымі воднымі працэдурамі. Ці ёсць падставы лічыць, што Лукашэнка, нягледзячы на ковід-дысідэнцтва, баіцца за сваё здароўе?

Лукашэнка наведвае кардыяхірургічны корпус
Аляксандр Лукашэнка наведвае кардыяхірургічны корпус Магілёўскай абласной клінічнай лякарні. Магілёў, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: president.gov.by

Мажэйка смяецца: калі б сам меў рэсурсы абсталяваць уласны катэдж медычнай тэхнікай і прымусіць лекараў бегаць вакол сябе, дык і не адмовіўся б. Кожны хацеў бы жыць даўжэй і быць здаровым, а Лукашэнка мае магчымасць выдаткаваць нашыя грошы на медыцыну. Для персаналісцкіх аўтарытарных рэжымаў гэта прагматычна: ад здароўя аўтакрата залежыць стабільнасць палітычнай сістэмы.

Што сніць Лукашэнка ў страшных снах, ведае толькі ён сам

«Я і ўсе мы зыходзім з публічнай інфармацыі, – падкрэслівае Мажэйка. – А Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб усе навокал дакладна ведалі, чаго ён баіцца. Нікому не разумна такое казаць».

Мажэйка разважае: можа, Лукашэнку ў страшных снах сняцца палітвязні кшталту Віктара Бабарыкі, а можа, ён сніць тых, каго забілі на ягоны загад, а магчыма, Лукашэнку не сніцца ніхто, бо ён лічыць, што зрабіў усё правільна. Нават прафесійныя псіхіятры не ставяць пацыентам завочных дыягназаў. А насамрэч, не так і важна, што ўласна Лукашэнка думае і што сніць. Важней тое, што ён робіць: а ён трымаецца за ўладу.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў