Зніклая па прылёце ў Беларусь супрацоўніца «Белсату» Ірына Слаўнікава знаходзіцца на Акрэсціна разам з мужам


Ірына Слаўнікава разам з мужам Аляксандрам Лойкам ноччу 30 кастрычніка вярталіся з Егіпту ў Менск. Ірына напісала свайму бацьку, калі яны разам з мужам селі ў самалёт, які прыляцеў у Менск а 2-й гадзіне ночы.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Белсат

Бацька нашай калегі паехаў сустракаць яе з мужам. Ён быў у аэрапорце а 2-й гадзіне і чакаў да 5-й гадзіны раніцы, але так і не дачакаўся. Калі пачаў пытацца ў памежнікаў і мытнікаў, яму адказвалі, што нікога не засталося, усе, хто прыляцеў, ужо выйшлі.

Ірына з мужам дагэтуль не выйшлі на сувязь. Тэлефон Аляксандра не адказвае – ідуць даўгія гудкі, Ірыны – недасяжны.

Бацька Ірыны Слаўнікавай датэлефанаваўся да службаў Нацыянальнага аэрапорту «Менск», дзе распавялі, што Ірына разам з мужам прыляцелі сваім рэйсам і прайшлі ўсе неабходныя этапы кантролю, падчас якіх іх ніхто не затрымліваў.

Пасля пошукаў бацька Ірыны паехаў пісаць заяву аб знікненні дачкі і зяця ў Савецкае РУУС, куды яго накіравалі пасля званка ў службу 102. У Савецкім РУУС супрацоўнік стаў правяраць інфармацыю і паведаміў бацьку, што Ірыну і Аляксандра затрымлівалі супрацоўнікі Першамайскага РУУС за здзяйсненне нібыта нейкага адміністрацыйнага правапарушэння.

Вядома, што зараз яны знаходзяцца на Акрэсціна.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў