Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры «Белсату» выказаў спадзеў, што заходнія вакцыны, ухваленыя Сусветнай арганізацыяй здароўя, у хуткім часе могуць з’явіцца ў Беларусі.
На гэтым тыдні з-за сітуацыі з каронавірусам у Беларусі Святлана Ціханоўская правяла тэрміновы званок з камісарам ЕЗ Олівэрам Вархэі наконт вакцын. Ён паведаміў, што вакцыны ёсць у наяўнасці і ў бліжэйшыя некалькі дзён яны будуць шукаць шляхі, як даставіць іх у Беларусь. На наступным тыдні офіс Святланы Ціханоўскай правядзе некалькі званкоў з прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі здароўя, каб выступіць з прапановай аб механізме іх перадачы.
Па словах Франака Вячоркі, другая задача, якая застаецца – гэта рэалізацыя вакцын у Беларусі: «Тут будзе патрэбна палітычная воля тых, хто ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, каб яны дазволілі недзяржаўным арганізацыям альбо агенцтвам ААН рэалізаваць гэтыя вакцыны».
«Зараз мы гаворым пра адзін мільён вакцын, і гэта той неабходны мінімум, каб вакцынаваць самыя ўразлівыя групы. Мы бачым, што вакцын не хапае. Тыя вакцыны, якія ёсць – гэта альбо «Спутник V», альбо «Sinofarm», яны даступны толькі ў вялікіх гарадах, у Менску ў асноўным, і не даступны іншым жыхарам Беларусі. Таму трэба заходнія вакцыны, якім людзі будуць давяраць».
На думку Вячоркі, Лукашэнка пад ціскам свайго атачэння будзе вымушаны пагадзіцца і прыняць гэтыя вакцыны.
Таксама па інфармацыі офісу Ціханоўскай, многія беларусы не вакцынуюцца, бо чакаюць менавіта заходніх вакцын, такія як «Moderna», «Pfizer» і іншыя. І калі б гэтыя вакцыны былі ў Беларусі, то і ўзровень вакцынацыі быў бы вышэйшы.
АД, belsat.eu