Паўзучая мяжа. Як жывуць людзі паміж Грузіяй і Расеяй


У грузінскім паселішчы Эргнэці ў склепе аднаго з дамоў месціцца Музей памяці. У ім сабраныя рэчы мясцовых жыхароў, якія нагадваюць пра іхнае жыццё да расейска-грузінскага ваеннага канфлікту, у выніку якога ў гэтым рэгіёне паўсталі новыя лініі падзелу. Арганізавала музей мясцовая жыхарка Лія Члачыдзэ. «Белсат» наведаў вёску і музей, а таксама паразмаўляў з яго стваральніцай.

Музей памяці

Спадарожнікавы здымак вёскі Эргнэці. У верхняй частцы над чырвонай лініяй паўднёваасецінская частка.
Фота: google maps

Паселішча Эргнэці месціцца на самай мяжы з тэрыторыяй, якую ў Грузіі называюць Цхінвальскім рэгіёнам, а ў Расеі – Паўднёвай Асеціяй. Да 2008 года ў вёсцы было больш за 700 дамоў, распавядае Лія Члачыдзэ. У адным з іх разам з мамай, двума дзецьмі і ўнукам яна і жыла.

Нашая суразмоўца працавала настаўніцай грузінскай мовы. Падчас узброеных сутычак паміж грузінамі і асецінамі ў 1991 годзе загінуў ейны муж, а ў 2008 годзе яна страціла дом. Цяпер у вёсцы засталося 400 дамоў. Іх пасля баявых дзеянняў адбудавалі ў межах праектаў дапамогі ЕЗ.

Лія Члачыдзэ. 5 чэрвеня 2023 года. Грузія, паселішча Эргнэці.
Фота: Белсат

Падчас першых бамбаванняў сям’я Ліі Члачыдзэ хавалася ў склепе, але 9 жніўня яны збеглі ў суседняе паселішча. Нашая суразмоўца распавяла, што з рэчаў яна паклала ў машыну толькі новы тэлевізар, але і яго павезці не ўдалося – прыбегла суседка з дзіцём і папрасіла вывезці і іх. Зразумела, Лія тут жа выкінула тэлевізар з салона аўта. Праз 10 дзён жанчына вярнулася паглядзець на свой дом.

Рэчы, якія пакінулі расейскія вайскоўцы ў вёсцы Эргнэці. 6 чэрвеня 2023 года. Эргнэці, Грузія.
Фота: Белсат

«Я прайшла 7 кіламетраў па шашы, якую кантралявалі асецінскія і расейскія ўзброеныя вайскоўцы. Калі яны праходзілі побач, я заплюшчвала вочы, каб не бачыць, як пачнуць у мяне страляць. На дарозе я ўбачыла сцяг Грузіі, які быў у пыле і крыві. Я падняла яго і прынесла на рэшткі свайго дому ды схавала. Мы яго знайшлі толькі пазалетась», – узгадвае Лія Члачыдзэ.

Грузінскі сцяг, які Лія Члачыдзэ падабрала на дарозе. Грузія, 2008 год. Фота з асабістага архіву гераіні

Лія распавяла, што цягам наступных некалькіх гадоў сапёры знайшлі ў яе на падворку 13 касетных бомбаў. Аднавіць дом таксама дапамаглі праграмы ЕЗ.

Музей памяці ў сваім склепе Лія Члачыдзэ адкрыла ў 2018 годзе. Экспанаты ў яго прыносілі самыя жыхары. Суседка прынесла завушніцы, якія на апошнія грошы купіў ёй хлопец, які сыходзіў на вайну, і фота дзяўчынкі Кіці, якая нарадзілася за дзень да пачатку баявых дзеянняў. Ейная мама скочыла з дзіцём праз акно радзільні.

Сёння дом стаіць у Грузіі, а заўтра – пад кантролем Расеі

Лінія размежавання паміж тэрыторыяй непрызнанай Паўднёвай Асеціі і Грузіяй з 2008 года дакладна не вызначаная. Пасля баявых дзеянняў грузінска-асецінская мяжа ўвесь час перамяшчаецца ўглыб Грузіі. Мясцовы пастух можа не заўважыць слупка, які перамясціўся цягам ночы, і яго затрымаюць на ўласным полі за парушэнне мяжы ды адправяць у Паўднёвую Асецію пад арышт – да выплаты штрафу.

«Amnesty International» у 2018 годзе падрыхтавала даклад, дзе апісаная гісторыя тады 85-гадовага Давіда Ванішвілі, які жыў у вёсцы Хурвалеці ў Грузіі. Цягам ночы ён апынуўся на баку Паўднёвай Асеціі. Ягоны дом і прылеглы да яго двор цяпер аддзеленыя агароджай ад астатняй тэрыторыі, падкантрольнай Тбілісі. Мужчына быў адрэзаны ад усіх сваіх найбліжэйшых сваякоў і суседзяў калючым дротам. Летась ён памёр, а калючы дрот («мяжа») так і застаўся на ягоным падворку.

Давід Ванішвілі, дом якога за адну ноч перамясціўся з-пад грузінскага кантролю пад кантроль расейцаў. Грузія, вёска Хурвалеці.
Фота: Levan Asatiani, Аmnesty International

Даведка:

Афіцыйны Тбілісі настойвае на тым, што да пачатку баявых дзеянняў – нападу на Цхінвалі ў ноч з 7 на 8 жніўня 2008 года – грузінскую армію падштурхнулі ўзброеныя напады паўднёваасецінскіх сепаратыстаў. 8 жніўня Расея разам з сепаратыстамі Паўднёвай Асеціі ўвяла свае войскі і абвясціла вайну Грузіі.

У 2013 годзе расейскія памежнікі пачалі «бардэрызацыю» – уладкаванне лініі размежавання ў зоне грузінска-асецінскага канфлікту, якую грузінскі бок называе адміністрацыйнай мяжой, а асецінскі бок – дзяржаўнай.

У 2021 годзе Еўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбуры абвясціў рашэнне аб міждзяржаўнай позве Грузіі супраць Расеі. Суд прызнаў частку скаргі, якая датычыць падзеяў, што адбываліся ў перыяд актыўных баявых дзеянняў (5 дзён). Але тое, што адбывалася пасля спынення агню, згодна з рашэннем іх суда, падпадае пад юрысдыкцыю Расеі, бо яна ажыццяўляла кантроль у рэгіёнах Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія адкалоліся ад Грузіі.

Старая машына, прастрэленая кулямі ў 2008 годзе. 6 чэрвеня 2022 года. Вёска Эргнэці, Грузія.
Фота: Белсат

У расейскіх памежнікаў ёсць некалькі фарматаў абазначэння мяжы. У адных месцах гэта калючы дрот, у другіх – агароджы, а ў трэціх – зялёныя банеры, на якіх напісана «Рэспубліка «Паўднёвая Асеція».

Чалавеку вельмі складана зарыентавацца і зразумець, дзе заканчваецца або пачынаецца акупаваная тэрыторыя. Банеры паступова перамяшчаюцца ўглыб Грузіі, і сёння мяжа пачынаецца ў адным месцы, а заўтра – у іншым. За яе парушэнне могуць арыштаваць на 2–3 дні, а могуць і на некалькі гадоў.

Сёння акупавана каля 20 % грузінскай тэрыторыі. Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі ў сваёй справаздачы паведамлялі, што ў 2021-м за «парушэнне мяжы» затрымалі 70 грамадзянаў Грузіі ў Цхінвальскім рэгіёне і 11 – у Абхазіі. У Абхазіі былі зарэгістраваныя 9 выпадкаў «бардэрызацыі», а ў Цхінвальском рэгіёне (Паўднёвая Асеція) – 130.

Улады Цхінвалі зачынілі ўсе пункты перасячэння лініі размежавання ў бок астатняй часткі Грузіі.

Аліса Ганчар / Авер belsat.eu

Стужка навінаў