Дзярсакратар Блінкен: Грамадзяне ЗША павіны неадкладна пакінуць Расею


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен занепакоены затрыманнем журналіста «Wall Street Journal» і заклікаў суграмадзянаў неадкладна пакінуць Расею. Аб гэтым гаворыцца ў заяве на сайце Дзяржаўнага дэпартаменту.

Энтані Блінкен.
Фота: Secretary Antony Blinken / Twitter

30 сакавіка стала вядома рэакцыя Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША у адказ на затрыманне ў Расеі па падазрэнню на шпіянаж грамадзяніна ЗША журналіста выдання «Wall Street Journal» Эвана Гершкавіча. Дзяржсакратар Энтані Блінкен выказаў глыбокую занепакоенасць з гэтай нагоды, асудзіў дзеянні Крамлю і заклікаў суграмадзянаў пакінуць тэрыторыю Расеі.

«Мы самым рашучым чынам асуджаем бесперапынныя спробы Крамля запалохаць, здушыць і пакараць журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці», – гаворыцца ў заяве.

Дзярдэпартамент «глыбока занепакоены шырока вядомым затрыманнем у Расеі журналіста, грамадзяніна ЗША», амерыканскае знешнепалітычнае ведамства камунікуе з «Wall Street Journal» па гэтай сітуацыі, консульскія службы спрабуюць атрымаць доступ да затрыманага і аказаць «усю неабходную падтрымку».

Разам з тым, Блінкен звярнуўся да ўсіх грамадзянаў ЗША, якія зараз знаходзяцца ў Расеі з папярэджаннем аб небяспецы: «Мы паўтараем нашыя рашучыя папярэджанні аб небяспецы, якой падвяргаюцца грамадзяне ЗША на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Грамадзяне ЗША, якія пражываюць ці падарожнічаюць па Расеі, павінны неадкладна пакінуць краіну, як паказана ў нашых рэкамендацыях па паездках у Расею».

Hавiны
ФСБ Расеі затрымала журналіста «Wall Street Journal». Яго падазраюць у шпіянажы
2023.03.30 12:51

Як паведамляў «Белсат», у Екацярынбурзе Федэральная служба бяспекі Расеі затрымала карэспандэнта «Wall Street Journal», амерыканскага грамадзяніна Эвана Гершкавіча ў межах крымінальнай справы аб шпіянажы «на заданне ЗША». Супраць амерыканскага журналіста заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу за шпіянаж. Журналісту пагражае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Раней расейскія медыі паведамлялі, што Гершкавіч знік падчас паездкі ў Екацярынбург, а рэдакцыя «Wall Street Journal» страціла з ім сувязь. Там ён пісаў матэрыял пра тое, як у рэгіёне ставяцца да ПВК «Вагнэр», і аб вербаванні мясцовых жыхароў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў