Менш за содні сабралі грошы на пахаванне беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава


Суму, неабходную на пахаванне былога палітычнага вязня і беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, сабралі менш як за содні. Грошы пойдуць на перавоз цела, месца на могілках ды іншыя выдаткі, звязаныя з пахаваннем. Збор зарганізаваў фонд «BYSOL», які арганізуе падтрыманне рэпрэсаваных і пацярпелых беларусаў, у тым ліку на вайне ва Украіне. 

Эдуард Лобаў. Здымак з відэа «Такт. Група Беларусь». Крыніца: Такт. Група Беларусь / YouTube

Пахаваюць беларускага ваяра-добраахвотніка Эдуарда Лобава ў Варшаве, дзе цяпер жыве ягоная сямʼя. Сродкі для арганізацыі развітання з загінулым на вайне беларусам яшчэ можна пералічыць праз фонд «BYSOL». Таксама гэта можна зрабіць, пералічыўшы сродкі ягонай маці Марыне Лобавай.

Рэквізіты для грашовага пераліку:

Bank Millennium S. A.

IBAN: PL 751160 2202 0000 0003 6482 8385

SWIFT: BIGBPLPW

Уладальнік рахунку: MARYNA LOBAVA

Нагадаем, што пра гібель Эдуарда Лобава стала вядома 27 студзеня. Ён быў смяротна паранены каля ўкраінскага Вуглядару, дзе ваяваў у складзе ЗСУ, каб спыніць расейскую агрэсію супраць Украіны. Лобаў бараніў Украіну са зброяй у руках з 2015 года. Да таго быў актывістам, выступаў супраць дыктатуры ў Беларусі. У 2010 годзе абвешчаны палітычным вязнем. Ён адмаўляўся пісаць прашэнне на памілаванне і цалкам адбыў 4-гадавы тэрмін у адной з найгоршых турмаў Беларусі – івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы». Эдуарду Лобаву было 34 гады.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказала словы спачування ў сувязі з гібеллю беларускага ваяра.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў