Польшча ўвяла дадатковыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі


Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі ўвёў новыя санкцыі супраць 365 чыноўнікаў з Беларусі. Ім забараняецца ўезд у Польшчу і ў Шэнгенскую зону. Пад абмежаванні трапілі таксама 20 арганізацыяў і 16 асобаў, звязаных пераважна з расейскім капіталам.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

У звязку з пастановаю Вярхоўнага Суда Беларусі ў справе адмовы ад задавальнення касацыйнай скаргі Анджэя Пачобута і рэпрэсіямі ўладаў Беларусі супраць палітычных апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Польшча ўвяла дадатковыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы падпісаў дакумент, згодна з якім санкцыі закрануць 365 асобаў з Беларусі. Ім забараняецца ўезд не толькі ў Польшчу, але і ў Шэнгенскую зону.

Чорны спіс закранае 159 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, 76 суддзяў, 7 пракурораў, 32 прадстаўнікоў мясцовай улады, а таксама 28 службовых асобаў і працаўнікоў праваахоўных органаў. Пад абмежаванні таксама трапілі 23 працаўнікі рэжымных СМІ, 24 спартоўцы, 8 прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, 8 чыноўнікаў з галіны культуры і навукі.

Польшча таксама замарозіла сродкі 20 арганізацыяў і 16 асобаў, звязаных пераважна з расейскім капіталам. У гэтым спісе – 15 грамадзянаў Расеі і 1 беларус.

Санкцыі Польшча распаўсюджвае і на асобаў, адказных за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.

Раней таксама стала вядома, што Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы прапаноўвае спыніць рух цяжкавікоў з таварамі з беларускай і расейскай рэгістрацыяй праз мяжу. Абмежаванне тлумачыцца «пытаннямі запэўнівання грамадскай бяспекі». Пастанова пакуль не падпісаная міністрам.

Hавiны
Польшча адрэагавала на разгляд апеляцыі палітвязня Анджэя Пачобута
2023.05.26 18:53

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў