Праваабарончы цэнтр «Вясна» і крыніцы «Белсату» паведамілі пра серыю ператрусаў у Менску. Ужо вядома пра шэсць такіх фактаў. Сілавікі прыйшлі на адрасы сябраў Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі, Сяргея Чалага, Юрыя Губарэвіча, Артура Фінькевіча.
Сілавікі ўчынілі ў Менску масавыя ператрусы. Дакладна вядома пра шэсць такіх выпадкаў.
«У двух выпадках ператрусы праходзяць у людзей, звязаных з Каардынайцыйнай радаю», – гаворыцца ў паведамленні «Вясны».
Інфармацыю пра ператрусы пацвердзілі і крыніцы «Белсату».
Раней у ананімных Telegram-каналах сілавікоў з’явіліся допісы, што ўскосна сведчаць пра акцыю пераследу, звязаную з запланаванымі выбарамі ў Каардынацыйную раду. Імаверна, ператрусы праводзяць не толькі ў Менску.
Сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўнік НАУ Юрый Губарэвіч у Facebook напісаў, што «дзіўныя людзі» прыходзілі і да яго – на адрас прапіскі:
«Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць паводле месца прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года».
Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што з вобшукамі прыйшлі да шмат каго з каманды НАУ, у тым ліку да яго самога:
«Сёння да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама ў кватэры, дзе яны раней пражывалі, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Паводле нашых звестак, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыць многіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі».
У заяве адзначаецца, што «гэта не паўплывае на дзейнасць Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі».
Таксама сілавікі ўварваліся ў кватэру аналітыка і сябра Каардынацыйнай рады Сяргея Чалага.
Пра візіт сілавікоў паведаміў яшчэ адзін сябра КР Артур Фінькевіч, які жыве ў Варшаве.
«Сёння на адрас маёй рэгістрацыі ў Менску прыходзілі сілавікі. На мяне заведзеныя некалькі крымінальных справаў. Мяне ў Беларусі няма тры гады, не жыў на месцы рэгістрацыі каля дзевяці гадоў, ні рэчаў ні маёмасці ў Беларусі не маю», – напісаў палітык у Facebook.
Акрамя таго, ператрус учынены ў кватэры Ганны Красулінай – прэс-сакратаркі абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай.
Як паведамляе «Вясна», у пастановах на ператрус, з якімі прыходзяць сілавікі, пазначаныя шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
Тым часам сайт Каардынацыйнай рады трапіў пад DDoS-атаку, паведаміў выданню «Медыязона» прэс-сакратар Антон Раднянкоў. Старонка цяпер не адкрываецца.
Як паведамлялася, бліжэйшым часам Каардынацыйная рада плануе вызначыцца, якім чынам налета адбудуцца выбары ў гэтую структуру. Адзін з варыянтаў, як казаў «Белсату» дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька, – выбары паводле палітычных спісаў (гэта як паводле партыйных спісаў, але спісы могуць выстаўляць не толькі партыі), у выніку якіх КР мусіць стацца протапарламентам. Але абмяркоўваюцца і іншыя варыянты, падобныя да мажарытарнай і змяшанай сістэмаў парламенцкіх выбараў.
Сцяпан Кубік belsat.eu