ЗША не бачаць падставаў для перагляду ўзроўню гатовасці ядравых сілаў стрымлівання


Падчас брыфінгу 27 верасня прэс-сакратар Пентагону, генерал Пэт Райдэр паведаміў, што на дадзены момант Міністэрства абароны ЗША не бачыць нейкіх рухаў з боку Расеі ў галіне кіравання ядравымі ўзбраеннямі, якія можна было б разглядаць як падставы для перагляду ўзроўню гатовасці амерыканскіх сілаў стрымлівання.

Прэс-сакратар Пентагону Пэт Райдэр.
Фота: dvidshub.net

ЗША працягвае сачыць за тым, што адбываецца ў Расеі, у тым ліку за мабілізацыяй, аднак пакуль што сур’ёзных зрухаў датычна ядравай зброі не бачаць.

«Мы, відавочна, сур’ёзна ставімся да гэтых пагрозаў. Але на дадзеным этапе мы не бачылі нічога, што прымусіла б нас скарэктаваць нашу ўласную ядравую пазіцыю ў дадзены момант, – заявіў прэс-сакратар Пентагону. – Як мы ўжо казалі раней, нашая ўвага па-ранейшаму засяроджаная на падтрымцы Украіны ў яе барацьбе і шчыльнай супрацы з нашымі саюзнікамі і партнёрамі».

Пытанне пра сітуацыю з расейскімі ядравымі сіламі падчас брыфінгу Пэту Райдэру задавалі тры разы. Генерал адказваў, што не хацеў бы дзяліцца дадзенымі выведкі, а таксама, што ядравы шантаж Пуціна не парушыць адзінства Захаду ў пытаннях ваеннай падтрымкі Украіны ў яе барацьбе, «якая ў бліжэйшыя дні будзе па-ранейшаму жорсткай і цяжкай».

Hавiны
WP: ЗША неаднойчы дасылалі Расеі папярэджанні аб выкарыстанні ядравай зброі
2022.09.23 18:25

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў