Ці праўда Літва, Латвія і Польшча гатовыя закрыць межы з Беларуссю?


Міністры ўнутраных справаў Польшчы і Літвы заявілі 27 ліпеня, што Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю праз прысутнасць у краіне баевікоў Групы Вагнэра. Як на гэтую заяву адрэагавалі ў Польшчы і ў балтыйскіх суседках Беларусі – і што думае літоўскі палітолаг.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі падчас візіту на памежжа. Сутна, Польшча. 27 ліпеня 2023 года.
Фота: Kancelaria Premiera / X

Што казалі палітыкі

У прэс-канферэнцыі блізу польска-беларускай мяжы 27 ліпеня міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі не анансаваў менавіта закрыццё мяжы з Беларуссю, а адказаў на пытанне аб тым, ці разглядаецца такі варыянт: «Мы прадугледжваем розныя варыянты, і гэта будуць вельмі адэкватныя адказы». Раней у Польшчы анансавалі стварэнне батальёну ля мяжы з Беларуссю. Каміньскі падкрэсліў, што «любая сур’ёзная правакацыя на межах Польшчы, Літвы і Латвіі будзе сустракаць супольны, цвёрды і прадуманы адказ нашых уладаў», каб «не дазволіць «зялёным чалавечкам» бегаць па мяжы». Ён таксама запэўніваў, што за вагнэраўцамі ў Беларусі «вельмі спакойна» сочаць, а мяжа – у бяспецы.

Пра тое ж 27 ліпеня казала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце: літоўскія ўлады ўважліва сочаць за вагнэраўцамі ў Беларусі і гатовыя пры неабходнасці закрыць межы з Беларуссю і Расеяй, рыхтуюць праекты пастановаў на такі выпадак. За дзень да ейнай заявы Міністэрства транспарту Літвы пытала ў Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі, ці не варта спыніць аўтобусныя пасажырскія зносіны з Беларуссю.

Аналітыка
Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы
2023.07.24 18:33

Вагнэраўцы – не адзіная прычына занепакоенасці Літвы і Польшчы тэмаю беларускай мяжы. Білатайце перад згадкай вагнэраўцаў расказвала пра міграцыйны крызіс, штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

У той жа дзень на мяжы з Беларуссю аб гэтым крызісе і аб вагнэраўцах разважаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі – але не згадваў ідэі закрыць мяжу, а крытыкаваў апазіцыю за слабую ахову мяжы ў свой час і расказваў пра цяперашнюю абарону.

29 ліпеня Маравецкі заявіў, што больш як 100 наймітаў групы Вагнэра рушылі ў бок сувальскага калідору.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арнольдас Абрамавічус 28 ліпеня расказаў, што Літва і Польшча разглядаюць нават супольнае закрыццё мяжы з Беларуссю ў выпадку інцыдэнтаў з баевікамі Групы Вагнэра. Але выказаў думку: наўрад ці Польшчу змогуць запужаць словы Лукашэнкі аб вагнэраўцах, якія «просяцца ў Варшаву і Жэшаў», бо як вайсковая сіла яны не ўяўляюць вялікай пагрозы для Польшчы, а могуць хіба выкарыстоўвацца для правакацыі.

Такія ж думкі мае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны: няма прыкметаў таго, што вагнэраўцы ў Беларусі маюць неабходную тэхніку, каб стварыць сур’ёзную пагрозу Польшчы або Украіне. Але прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка расказваў польскаму тэлеканалу «Polsat», што вагнэраўцы могуць маскавацца пад мігрантаў дзеля стварэння канфлікту.

У Латвіі тым часам не разважаюць менавіта пра закрыццё мяжы з Беларуссю, хоць у тамтэйшых медыях абмяркоўваюць магчымасць правакацыяў Групы Вагнэра з тэрыторыі Беларусі, а мяжу збіраюцца надалей умацоўваць.

Каментар
Літоўскі аналітык: Пагрозы з боку вагнэраўцаў для Польшчы і Літвы няма
2023.07.25 17:46

Гэта разважанні пра «час такі, што магчыма ўсё»? Ці гэта праўда магчыма?

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс адказвае «Белсату»: закрыццё мяжы ў выніку правакацыі Групы Вагнэра цалкам імавернае, выключаць такога нельга, тэхнічна гэта магчыма, сцэнары сапраўды могуць распрацоўвацца.

«Мы ў такім суседстве жывем не першы год, – адзначае Юрконіс. – І мы бачылі з польскага боку, што былі частковыя рэакцыі на некаторыя інцыдэнты з Беларуссю. Так што навошта сумнявацца, што такое магчыма?»

Чаму межы з Беларуссю не закрылі раней у сувязі з міграцыйным крызісам? Юрконіс тлумачыць: нелегальныя пераходы мяжы адбываліся не праз памежныя пункты, але сітуацыя на межах Літвы і Польшчы з Беларуссю змянілася істотна, былі выстаўленыя бар’еры, узмоцненыя захады бяспекі.

А калі не будзе правакацыі ад баевікоў, ці могуць межы закрыць з іншых прычынаў? На гэта Юрконіс прапаноўвае адказаць самім беларусам:

«Гэта вашая краіна, якой расейцы карыстаюцца як прахадным дваром. Гэта здараецца не толькі апошні год, гэта было апошнія дзесяцігоддзі».

Хоць былі беларусы, якія пратэставалі, працягвае ён, расейцы ў Беларусі ўзмацнілі свае пазіцыі ў эканоміцы, энергетыцы, інфармацыйнай прасторы, культуры. А гэта датычыць абсалютна ўсіх беларусаў, у тым ліку чыноўнікаў, бо «незалежнасць і суверэнітэт вызначае не адзін нейкі вусаты чалавек, а ўвесь народ».

Суседзі Беларусі добра бачаць гэты працэс, глядзяць на гэта без панікі і робяць перасцярогі, рэзюмуе Юрконіс. Ён згадвае: у студзені 2022 года нямала экспертаў разважалі, што атака на Украіну з тэрыторыі Беларусі немагчымая, а гэта адбылося. І калісьці некаторыя літоўцы смяяліся з БелАЭС, а цяпер нясмешна. Раз ёсць тэарэтычная магчымасць, трэба рыхтавацца.

Дзе адкрытыя і закрытыя памежныя пераходы. Інтэрактыўная мапа

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў